Францішак адправіў новы гуманітарны груз ва Украіну
Марыя Валодзіна – Vatican News
Па даручэнні Францішка груз сродкаў гігіены і кансерваў быў дастаўлены ў пункт збору гуманітарнай дапамогі пры рымскай грэка-каталіцкай базіліцы святой Сафіі. Адсюль мыйныя сродкі, падгузнікі і прадукты харчавання даставяць у Херсон "адважныя кіроўцы", як назваў іх прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынал Конрад Краеўскі.
"Нават знаходзячыся ў шпіталі Джэмэлі, - падкрэсліў іерарх, - Францішак выказаў сваю блізкасць да насельніцтва Херсоншчыны, якое вельмі пакутуе”.
Апостальскі элемазінарый распавёў, што ад базіліцы святой Сафіі ў Рыме ва Украіну ўжо адпраўлена 106 фур гуманітарных грузаў. Па яго словах, на наступным тыдні новы грузавік з гуманітарным грузам, які складаецца ў асноўным з кансерваваных прадуктаў, адправіцца ва Украіну з Неапаля.