Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота Пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: мір магчымы, калі сапраўды жаданы

Войны і ўзброенныя канфлікты адбываюцца з-за недахопу братэрства, - гаворыцца ў звароце Папы да Рады Бяспекі ААН, які 14 чэрвеня 2023 года зачытаў у Нью-Ёрку Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мы жывём у крытычны для чалавецтва момант, калі супакой саступае месца вайне, узмацняюцца канфлікты. Трэцяя сусветная вайна вядзецца фрагментарна, але з цягам часу набывае ўсё большы маштаб, - гаворыцца ў прамове. Пантыфік ад усяго сэрца запрасіў Раду Бяспекі разам “зазірнуць у твар агульным праблемам”, каб імкнуцца да адзінай мэты: працаваць на карысць усяго чалавецтва.

На думку Святога Айца, глабалізацыя зблізіла нас, але не зрабіла больш братэрскімі. Мы пакутуем ад недахопу братэрства, які ўзнікае з-за шматлікіх сітуацый несправядлівасці, беднасці і няроўнасці, а таксама з-за адсутнасці культуры салідарнасці. Шырока распаўсюджаныя індывідуалізм, эгацэнтрызм і матэрыялістычнае спажыванне аслабляюць сацыяльныя сувязі, пакідаюць на абочыне самых слабых. Найгоршым наступствам недахопу братэрства з'яўляюцца ўзброеныя канфлікты і войны, якія робяць ворагамі не толькі асобных людзей, але і цэлыя народы.

Мір – гэта Божая мара для чалавецтва, але “гэтая цудоўная мара ператвараецца ў кашмар”, - з сумам адзначыў Францішак. З эканамічнага пункту гледжання вайна часта больш прывабная, чым мір, але прыбытак заўсёды атрымліваюць нямногія. Больш таго, прыбытак ад продажу зброі – гэта грошы, заплямленыя нявіннай крывёю.

На думку Папы, мы павінны адмовіцца ад логікі легітымнасці вайны, таму што выкарыстанне ядзернай зброі можа прывесці да катастрафічных наступстваў. “Прыйшоў час сказаць рашучае Не! вайне, заявіць, што ўсе войны – несправядлівыя, справядлівы толькі мір”. Стабільны і даўгавечны мір, заснаваны на братэрстве, бо ўсе мы – браты і сёстры, якія вандруюць па адной зямлі, жывуць у адным агульным доме. “Да чаго мы прыйдзем, калі кожны будзе думаць толькі пра сябе?” - запытаў Святы Айцец, заклікаўшы падумаць пра дзяцей і пра будучыню, якую мы рыхтуем для іх.

Мір магчымы, калі сапраўды жаданы. Ён павінен грунтавацца на розуме, а не страсці, велікадушнасці, а не эгаізме. Яшчэ ёсць час, каб упісаць новую мірную главу ў гісторыю, - зазначыў Папа, зноў паўтараючы вырашальнае слова: братэрства.

Пантыфік запэўніў членаў Рады Бяспекі і ўсю Арганізацыю Аб'яднаных Нацый у падтрымцы і малітве і заклікаў “эфектыўна служыць чалавецтву, беручы на сябе адказнасць за захаванне не толькі сваёй уласнай будучыні, але і будучыні ўсіх людзей на планеце”. "Шчаслівыя міратворцы" (Мц 5, 9), - такімі словамі завяршаецца зварот Францішка.

15 чэрвеня 2023, 09:40