Папа падчас візіту на італьянскае грамадскае тэлебачанне RAI Папа падчас візіту на італьянскае грамадскае тэлебачанне RAI  (ANSA)

Францішак на італьянскім тэлебачанні: з вайной губляем усё

4 чэрвеня 2023 года ў эфіры італьянскага грамадскага тэлебачання RAI, выйшла інтэрв'ю з Папам для каталіцкай праграмы A Sua immagine, запіс якога адбыўся ў апошнія дні мая.

Адной з тэм інтэрв’ю была вайна. Святы Айцец нагадаў італьянскім телегледачам старажытную ісціну: з мірам людзі заўсёды выігрываюць, а з вайной – губляюць. “Нават так званыя здабыткі з’яўляюцца стратамі”, - дадаў ён.

Святы Айцец закрануў праблему катаванняў, якія здараюцца падчас узброеных канфліктаў, у тым ліку падчас вайны ва Украіне. Ён з жалем заўважыў, што катаванні здзяйсняюцца з задавальненнем. “Мы бачым гэта на вайне, у кадрах з вайны, задавальненне...”, - сказаў Папа, згадаўшы пра катаванні, якім падвяргаліся ўкраінскія вайскоўцы, кадры якіх яму давялося бачыць.

Францішак стаў першым у гісторыі Пантыфікам, які наведаў тэлевізійную студыю. Ён прызнаўся, што раней ніколі не быў на тэлебачанні, а таксама падзяліўся думкамі пра ролю сродкаў масавай інфармацыі ў актуальным сусветным кантэксце.

“Медыя павінны дапамагчы нам сустрэцца, паразумецца, пасябраваць і прагнаць прэч тых д’ябалятаў, якія ламаюць жыццё людзей”, - сказаў Святы Айцец, адзначаючы, што СМІ павінны несці пазітыўнае пасланне і гэта не значыць расказваць толькі пра рэлігію: можна казаць і пра Бога, але важна захоўваць чалавечнасць, гуманізм.

Гаворачы пра Юбілей 2025 года, Папа падкрэсліў, што гэта падзея можа стаць нагодай для прабачэння і змяшчэння Хрыста ў цэнтр жыцця. Паставіць Езуса ў цэнтр вельмі важна, у тым ліку для распазнання праўдзівасці марыйных аб’яўленняў, - заўважыў Францішак, падкрэсліваючы, што некаторыя аб’яўленні не з’яўляюцца сапраўднымі: у праўдзівых Багародзіца заўсёды ўказвае на Хрыста, а не на сябе.

Падчас інтэрв’ю Святы Айцец даў некалькі парадаў бацькам. Ён заклікаў наследаваць “стыль Бога”, якім з’яўляецца блізкасць, спагада і ласкавасць. “Няма іншага выйсця: або выбярам шлях любові і пяшчоты, або шлях абыякавасці”, - сказаў Папа, заклікаючы ставіць дзецям пэўныя межы пры выхаванні, не падтрымліваць усёдазволенасць, бо гэта шкодзіць ім.
 

04 чэрвеня 2023, 13:48