Аўдыенцыя для членаў Міжнароднай камісіі па дыялогу паміж Касцёлам і Царквой Вучні Хрыста (Disciples of Christ) Аўдыенцыя для членаў Міжнароднай камісіі па дыялогу паміж Касцёлам і Царквой Вучні Хрыста (Disciples of Christ)  (Vatican Media)

Францішак: не баяцца ісці шляхамі згоды, якія ўказвае Святы Дух

Ісці за Святым Духам, - заклікаў Папа падчас аўдыенцыі для членаў Міжнароднай камісіі па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Царквой Вучні Хрыста (Disciples of Christ). Сустрэча адбылася 28 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Калі збліжаемся ў малітве і маем сэрцы, адкрытыя на Святое Пісанне, натхнёнае Святым Духам, тады дазваляем Яму прамаўляць да нас і дзейнічаць у нас”, - нагадаў сваім гасцям Францішак. Ён падкрэсліў, што менавіта Святы Дух напаўняе сілай і адвагай для абвяшчэння і праслаўлення Езуса Хрыста, захоўваючы нашы душы ад спакус, такіх як сум, аўтарэферэнтнасць і свецкасць.

Пантыфік адзначыў, што Святы Дух з’яўляецца сапраўдным галоўным героем місій і стварае гармонію і згоду там, дзе прымірэнне нам здаецца практычна немагчымым.

“Дух – гэта гармонія! Давайце не забываць пра гэта”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Святы Дух дапускае існаванне адметнасцей, але стварае гармонію паміж імі, як адбылося падчас Пяцідзясятніцы, калі вучні пачалі рознымі мовамі абвяшчаць Хрыста. “Не будзем баяцца ісці шляхамі згоды, якія ўказвае нам Дух”, - заахвоціў Папа.

На прыканцы аўдыенцыі Францішак прыгадаў словы, якія Патрыярх Канстантынопальскі Афінагор сказаў Папу Паўлу VI, падчас іх сустрэчы ў Іерусаліме ў 1964 годзе: праваслаўны іерарх з іроніяй прапанаваў “адправіць усіх тэолагаў на асобны востраў”, каб яны там вялі дыскусіі, а самім працягваць супольны шлях. “Хрысціянскае адзінства будуецца ідучы разам. Тэолагі неабходныя, безумоўна: яны даследуюць, размаўляюць, дыскутуюць; але адначасова мы можам крочыць, молячыся разам і робячы ўчынкі міласэрнасці. На мой погляд, гэта шлях, які не расчаруе”, - падзяліўся Святы Айцец.
 

28 чэрвеня 2023, 12:21