Пошук

Лулу да Сілва і Папа Францішак Лулу да Сілва і Папа Францішак  (AFP or licensors)

Францішак правёў тэлефоную размову з Прэзідэнтам Бразіліі

31 мая 2023 года Святы Айцец Францішак і Прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва правялі тэлефонную размову, падчас якой абмеркавалі тэмы, звязаныя з пошукам міру ва Украіне і барацьбой з беднасцю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бразільскі лідар падзякаваў Папу за намаганні, накіраваныя на пошук міру ва Украіне, а таксама распавёў яму пра перамовы з лідарамі іншых краін на гэту тэму, выказаўшы свой смутак з прычыны эскалацыі канфлікту, - гаворыцца ў афіцыйным паведамленні бразільскага боку. Лула да Сілва нядаўна выступіў з прапановай стварыць групу краін, сярод якіх Бразілія, для пасрэдніцтва ў мірным працэсе.

Палітык падзякаваў Святому Айцу за барацьбу з беднасцю і намаганні Каталіцкага Касцёла ў Бразіліі, накіраваныя на ахову Амазоніі ад сіл, якія спрабуюць знішчыць гэты рэгіён, называны “зялёнымі лёгкімі” планеты. Лула да Сілва выказаў удзячнасць Францішку таксама за памяць пра Бразілію і салідарнасць з ёй на працягу апошніх гадоў.

Прэзідэнт падзяляўся інфармацыяй пра барацьбу з беднасцю і голадам у Бразіліі, а таксама запрасіў Папу наведаць гэту краіну. Паведамляецца, што Святы Айцец узяў пад увагу гэта запрашэнне; ён наведваў Бразілію дзесяць гадоў таму з нагоды Сусветных дзён моладзі, што праходзілі летам 2013 года ў Рыа-дэ-Жанейра.

У бліжэйшыя месяцы Лула да Сілва адведае Ватыкан, дзе сустрэнецца з Пантыфікам. Яго папярэднія візіты праходзілі ў 2009 годзе – тады ён сустракаўся з Бэнэдыктам XVI – і ў 2020 годзе, калі яго прымаў Францішак. Падчас папярэдняй аўдыенцыі бакамі абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з дэмакратыяй, навакольным асяроддзем, няроўнасцю і эканомікай, уважлівай да бедных і моладзі.
 

01 чэрвеня 2023, 09:23