Пантыфік: памолімся аб заканчэнні войнаў у свеце, асабліва ва Украіне
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 7 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане, Святы Айцец заклікаў да малітвы за мір у розных частках свету, у тым ліку ва Украіне.
“Заўтра ў 13.00 міжнародная Каталіцкая акцыя заахвочвае вернікаў розных канфесій і рэлігій, засяродзіцца на малітве, прысвяціўшы Адну хвіліну дзеля міру. Давайце прымем гэта запрашэнне, молячыся аб завяршэнні войнаў у свеце і асабліва за дарагую і змучаную Украіну”, - сказаў Святы Айцец.
Акцыя Адна хвіліна дзеля міру праводзіцца штогадова 8 чэрвеня. Натхненнем для яе паслужыла беспрэцэдэнтная малітоўная сустрэча, якая адбылася ў гэты дзень у 2014 годзе. Тады ў Ватыканскіх садах разам з Францішкам і Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І за мір разам маліліся Прэзідэнт Ізраіля Шымон Пэрэс і Прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас.
07 чэрвеня 2023, 10:45