Пошук

Папа: Касцёл патрабуе сэрцаў як у Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса

Больш чым мноства сродкаў, метадаў і структур, якія часам адцягваюць увагу ад істотнага, Касцёл патрабуе сэрцаў як у Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, якія прыцягваюць да любові і набліжаюць да Бога, - перакананы Папа.

Падчас агульнай аўдыенцыі 7 чэрвеня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане знаходзіліся рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, дастаўленыя ў Рым з французскага горада Лізьё. “Цудоўна, што гэта адбываецца ў той час, калі мы разважаем пра евангелізацыйную руплівасць, пра апостальскі запал”, - сказаў Францішак, распачынаючы сваю катэхезу. Папа нагадаў, што гэта святая нарадзілася 150 гадоў таму, у сувязі з чым ён мае намер прысвяціць ёй адмысловы Апостальскі ліст.

Тэрэза ад Дзіцятка Езуса з’яўляецца апякункай місійнай дзейнасці, але ніколі не была на місіях. Яна была манахіняй з кармелітанскага ордэна, а яе жыццё было пазначана маласцю і слабасцю: сябе святая называла “маленькай пясчынкай”. Маючы слабое здароўе, яна памерла ў 24-гадовым узросце, аднак мела гарачае і місійнае сэрца, - заўважыў Пантыфік.

У сваім Дзённіку святая Тэрэза распавядала, што хацела стаць місіянеркай, і не толькі на некаторы час, а на ўсё жыццё, і дасягнуць самых далёкіх куткоў зямлі. “Тэрэза была “духоўная сястрой” розных місіянераў: з кляштару яна суправаджада іх сваімі лістамі, малітвай і рознымі ахвярамі, якія складала за іх. Не прыцягваючы да сябе ўвагі, яна заступалася за місіі, як рухавік, які, будучы схаваным, дае аўтамабілю сілу, каб рухацца”, - падкрэсліў Францішак.

Святую часта не разумелі іншыя манахіні, ад якіх ёй даводзілася атрымліваць “больш церняў, чым ружаў”. Але яна ўсё прымала з любоўю, цярплівасцю, ахвяруючы, разам з хваробай, таксама суджэнні і неразуменне, якія сустракала. “І рабіла гэта з радасцю, дзеля патрэбаў Касцёла...” - дадаў Папа. 

Гаворачы пра вытокі місійнай сілы і радасці заступніцтва святой Тэрэзы з Лізьё, Францішак згадаў два выпадкі з яе жыцця. Першы адносіўся да дзяцінства будучай святой. Вярнуўшыся з начной Імшы на Божае Нараджэнне ў 1886 годзе, яна засмуцілася тым, што яе бацька, вельмі стомлены, не хацеў адкрываць разам калядныя падарункі. Тэрэза спачатку пайшла ў свой пакой, дзе заплакала ад горычы, але потым выцерла слёзы, вярнулася назад і сама пачала весяліць свайго бацьку.

“У тую ноч, калі Езус стаў слабым з любові, яна стала моцнай духам: у адзін момант яна выйшла з вязніцы свайго эгаізму і наракання; яна пачала адчуваць, што “любоў уваходзіла ў яе сэрца, з патрэбай забыць пра саму сябе”. З таго часу яна скіравала свой запал на іншых, каб знайшлі Бога, і замест таго, каб шукаць суцяшэння для сябе, вырашыла “суцяшаць Езуса, рабіць Яго любімым душамі”, бо, – заўважала Тэрэза – “Езус – хворы любоўю (...), а хвароба любові лечыцца любоўю”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што гэта руплівасць святой Тэрэзы была скіравана ў першую чаргу да грэшнікаў, да людзей “далёкіх”. У сувязі з гэтым ён згадаў іншы эпізод з яе жыцця, звязаны з яе гарачай малітвай за злачынцу, забойцу трох чалавек, Анры Пранцыні, які быў асуджаны да смяротнага паракарання на гільяціне, але адмаўляўся прыняць суцяшэнне веры. Святая прыняла гэта блізка да сэрца і пачала моцна маліцца аб яго навяртанні, каб праз пакаянне ён стварыў месца ў душы для Божай міласэрнасці, якой яна глыбока давярала.

Пасля выканання смяротнага выраку, Тэрэза прачытала ў газеце, што перад смерцю, “ахоплены раптоўным азарэннем, ён абярнуўся, выхапіў працягнутае яму святаром Укрыжаванне і тры разы пацалаваў святыя раны” Езуса. “А затым душа яго адправілася атрымліваць міласэрны прысуд Таго, Хто кажа, што на Небе больш радасці аб адным грэшніку, які каецца, чым аб дзевяноста дзевяці праведніках, якія не маюць патрэбы ў пакаянні!”, - нагадаў Францішак словы з успамінаў святой.

Папа падкрэсліў, што, гледзячы на кароткае жыццё святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, мы бачым, што “місіянер – гэта кожны, хто жыве як прылада Божай любові”. Гэта кожны, хто робіць усё, што ў яго сілах, каб праз Яго сведчанне, малітву і заступніцтва Езус мог прайсці. “Касцёл больш, чым мноства сродкаў, метадаў і структур, якія часам адцягваюць увагу ад істотнага, патрабуе такіх сэрцаў, як сэрца Тэрэзы, якія прыцягваюць да любові і набліжаюць да Бога”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы маліцца аб ласцы перамогі над уласным эгаізмам і аб гарачым жаданні заступацца за людзей, каб пазнавалі і любілі Езуса.
 

07 чэрвеня 2023, 10:03

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >