Пантыфік прыняў арганізатараў Эўхарыстычнага кангрэса ў ЗША

Папа спадзяецца, што 10-ы Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у Злучаных Штатах Амерыкі натхніць католікаў краіны да новага захаплення святой Імшой і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

19 чэрвеня 2023 года ён прыняў у Ватыкане чальцоў арганізацыйнага камітэта падзеі. Гэта будзе першы з 1941 года Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс у краіне. Па тэрыторыі ЗША пройдуць чатыры эўхарыстычныя працэсіі. Іх мэтай стане Індыянапаліс, дзе з 17 па 21 ліпеня 2024 года адбудуцца цэнтральныя ўрачыстасці. Самую доўгую дарогу – больш за 3500 кіламетраў – пройдуць пілігрымы, якія выправяцца з Каліфорніі.

Францішак хоча, каб Кангрэс заахвоціў вернікаў “быць місійнымі вучнямі Езуса ў свеце”. “Мы становімся надзейнымі сведкамі радасці і перамяняючай прыгажосці Евангелля, толькі тады, калі ўсведамляем, што любоў, якая цэлебруецца ў Сакрамэнце, не можа заставацца ў нас саміх, але патрабуе, каб ёю дзяліліся з усімі”, - адзначыў ён.

Пантыфік нагадаў аб тым, што “Эўхарыстыя заахвочвае нас да моцнай любові да бліжняга, таму што мы не можам па-сапраўднаму зразумець і спазнаць яе сэнс, калі трымаем нашы сэрцы замкнёнымі для нашых братоў і сясцёр, асабліва бедных, пакутлівых, знясіленых або згубленых у жыцці”.

Ён назваў Эўхарыстычны кангрэс “важным этапам” для Касцёла ў Злучаных Штатах. “Няхай усё, што вы робіце, стане ласкай для кожнага з вас і прынясе плён у суправаджэнні мужчын і жанчын вашай краіны да Пана”, - пажадаў Францішак.
 

19 чэрвеня 2023, 13:04