Папа атрымлівае словы падтрымкі і салідарнасці з усяго свету
Пажаданні хуткага выздараўлення Францішку скіраваў у адмысловай тэлеграме Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла. “Італьянскі народ блізкі да Вас з пачуццямі любові і салідарнасці, якія я цалкам раздзяляю. У дадатак да малітваў каталіцкіх вернікаў у гэты момант Вы можаце разлічваць таксама на спагадлівыя думкі незлічонай колькасці людзей, вернікаў і няверуючых”, - напісаў італьянскі палітык.
Словы падтрымкі Святому Айцу скіравалі таксама шматлкікія епіскапаты, у тым ліку Італіі, ЗША, Францыі, Перу, а таксама Біскупская рада Лацінскай Амерыкі (CELAM), каталіцкія рухі, аб’яднанні і дабрачынныя арганізацыі. У розных частках свету былі арганізаваны спецыяльныя малітоўныя сустрэчы ў інтэнцыі хуткага выздараўлення Пантыфіка.
Спецыяльны падарунак Папу падрыхтавалі дзеці, якія праходзяць лячэнне ў рымскім шпіталі імя Агасціна Джэмэлі, у якім знаходзіцца Святы Айцец. Яны намалявалі Францішка ў бальнічным ложку ў палаце, а побач саміх сябе і напісалі словы падтрымкі: “Не бойся! Мы з табой”.