Папа падчас сустрэчы з дабрачынцамі з Лацінскай Амерыкі. Ілюстрацыйнае фота Папа падчас сустрэчы з дабрачынцамі з Лацінскай Амерыкі. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа заклікаў дабрачынцаў захоўвайць хрысціянскую тоеснасць

Лацінская Амерыка мае патрэбу ў салідарнай дапамозе, каб евангелізаваць геаграфічныя і экзістэнцыяльныя перыферыі і адказваць на патрэбы самых бедных і адчужаных, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў сустрэчы прадстаўнікоў дабрачынных структур, якія займаюцца дапамогай Касцёлу ў Паўднёвай Амерыцы. Форум прайшоў 22-23 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане ў рамках дзейнасці Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.

Святы Айцец заўважыў, што рэформы ў Касцёле прадугледжваюць у першую чаргу працэс “місійнага і сінадальнага навяртання”, бо без перамянення сэрца ператварэнні застануцца выключна на ўзроўні кіравання і працэдур. “Нам усім трэба змяніць жыццё, каб Касцёл мог выразна паказваць сапраўднае аблічча Езуса Хрыста”, - заклікаў ён.

Пантыфік заўважыў, што адным з заданняў Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі з’яўляецца фінансаванне евангелізацыйных праектаў, дапамога ў пераадоленні надзвычайных сітуацый і прасоўванне дзейнасці Касцёла ў рэгіёне. Для рэалізацыі гэтай місіі Камісія карыстаецца падтрымкай розных гуманітарных устаноў, аб’яднаных каталіцкай тоеснасцю: менавіта гэта рыса павінна адрозніваць згаданыя арганізацыі ад іншых, выключна свецкіх, гуманітарных структур.

Францішак зазначыў, што для дабрачынных арганізацый з каталіцкай тоеснасцю важнай з’яўляецца не толькі эфектыўнасць у кіраванні і шчодрае сэрца, але любоў Езуса Хрыста, які падштурхоўвае нас, любоў, якая апярэджвае нас і запрашае вызнаваць Бога Айца, пачатак усякага дабра; вызнаваць Езуса Хрыста, нашага Брата, які нас адкупіў; Святога Духа, які кіруе Касцёлам, стварае адзінства і скіроўвае чалавецтва ў напрамку яго паўнаты”.

Пантыфік заклікаў дабрачынцаў захоўваць сваю тоеснасць сапраўдных хрысціян, бо без гэтага ў іх дзейнасці “застанецца толькі халодны прагматызм, які ў выніку душыць касцёльныя ўстановы і іх членаў”.
 

24 чэрвеня 2023, 10:07