Папа дзеячам мастацтва: дапамажыце бачыць прыгажосць, якая збаўляе
23 чэрвеня 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі больш 200 мастакоў, скульптараў, архітэктараў, пісьменнікаў, паэтаў, музыкантаў, рэжысёраў і акцёраў. Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя калекцыі сучаснага рэлігійнага мастацтва Ватыканскіх музеяў.
Францішак нагадаў, што Касцёл заўсёды меў асаблівыя і натуральныя адносіны з людзьмі мастацтва. “Гаворка ідзе пра натуральнае сяброўства, бо мастак сур’ёзна адносіцца да невычэрпнай глыбіні быцця, жыцця і свету, нават у яго супярэчнасцях і трагічных баках”, - сказаў ён.
Па словах Папы, мастацтва нагадвае ўсім пра духоўнае вымярэнне рэчаіснасці. “Ваша мастацтва быццам парус, які напаўняецца Духам і дапамагае нам рушыць наперад”, - падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што супрацоўніцтва паміж Касцёлам і мастацтвам на працягу гісторыі пакінула каштоўную спадчыну, якая належыць усім, вернікам і тым, хто не верыць. “Памятаючы пра гэта, мы чакаем новых плёнаў таксама ў наш час”, - сказаў ён, адзначыўшы, што людзі маюць патрэбу ў гэтых асаблівых плёнах.
Францішак нагадаў словы Рамана Гвардзіні, які казаў пра падабенства мастакоў да дзяцей і празорліўцаў. Падобна дзецям мастакі маюць вынаходлівасць, крэатыўнасць і здольнасць прыносіць у свет нешта новае, узбагачаюць яго і пацвярджаюць чалавечую здольнасць ствараць тое, чаго раней не было. На думку Святога Айца, такім чынам мастакі ўдзельнічаюць у Божай справе стварэння і падзяляюць Божую любоў да стварэння.
Папа заўважыў, што мастакі маюць здольнасць марыць пра “новыя версіі свету, уводзіць навізну ў гісторыю” і ў гэтым яны падобныя да празорліўцаў і прарокаў. Маючы позірк, скіраваны ў глыбіню і далечыню, людзі мастацтва дапамагаюць трымацца на адлегласці ад “ілюзорнай прыгажосці, штучнай і павярхоўнай”, якая распаўсюджана сёння і звязазана з эканамічнымі механізмамі, што ствараюць няроўнасць.
Святы Айцец падкрэсліў, што мастацтва можа быць “крытычным сумленнем грамадства”, можа стымуляваць мысленне, здымаць заслону з рэальнасці, паказваць тое, што больш зручна ці выгодна трымаць схаваным. Мастакі, на падабенства біблійных прарокаў крытыкуюць фальшывыя міфы сучаснасці, новых ідалаў, банальныя прамовы, пасткі спажывальніцтва, хітрасць уладаў, а таксама, нярэдка карыстаючыся іроніяй, выкрываюць фальшывую рэлігійнасць.
Пантыфік прызнаўся, што ў гэтым быцці празорліўцамі, вартавымі, крытычным сумленнем, ён адчувае мастакоў сваімі саюзнікамі ў тым, што яму дорага: у абароне чалавечага жыцця, працы на карысць сацыяльнай справядлівасці, клопаце пра бедных і пра супольны дом, адчуванні ўсеагульнага братэрства. Ён заклікаў сваіх гасцей праліваць святло надзеі на цемру чалавечага жыцця, на індывідуалізм і раўнадушша. “Дапамажыце нам разгледзіць святло, прыгажосць, якая збаўляе”, - заахвоціў Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што адметнай рысай сапраўднай прыгажосці з’яўляецца гармонія, але яе цяжка стварыць без дапамогі Святога Духа. Дзякуючы Духу магчыма, каб адметнасці не ператвараліся ў канфлікты, а адзінства не станавілася ўніфікацыяй. “Нам трэба, каб прынцып гармоніі больш насяляў наш свет”, - сказаў Папа, заклікаючы мастакоў дапамагаць людзям разумець сапраўдную сутнасць прыгажосці.
Папа падзякаваў дзеячам культуры за сустрэчу і заклікаў іх не забываць пра бедных, якіх асаблівым чынам любіць Хрыстус. “Таксама і бедным патрэбна мастацтва і прыгажосць”, - заўважыў ён, нагадваючы, што некаторыя з іх пакутуюць ад вельмі цяжкіх форм нястачы. “Звычайна яны не маюць голасу, каб іх пачулі. Вы можаце стаць выразнікамі іх маўклівага воклічу”, - падкрэсліў Францішак.