Святы Тамаш Аквінскі Святы Тамаш Аквінскі 

Пантыфік: святы Тамаш Аквінскі дае прыклад евангелізацыі

“Доктар Касцёла ХІІІ стагоддзя святы Тамаш Аквінскі з’яўляецца трывалым прыкладам евангелізацыі і майстрам увагі да рэчаіснасці. Гэта робіць яго крыніцай натхнення для Касцёла заўтрашняга дня”, - падкрэсліў Папа.

Ян Глінскі

Францішак скіраваў пасланне на імя біскупаў трох італьянскіх дыяцэзій – Лаціны, Соры, Фразінонэ, – благаслаўлёных земляў, якія захоўваюць памяць і спадчыну святога Тамаша Аквінскага. Нагодай сталі тры юбілеі, звязаныя з гэтым вялікім тэолагам: 700-годдзе яго кананізацыі, 750-годдзе яго смерці і 800-годдзя з дня яго нараджэння.

Пантыфік назваў святога Тамаша “каштоўнасцю” сённяшняга і будучага Касцёла і нагадаў, што, паводле гэтага Доктара Касцёла, Божая ласка не знішчае прыроду, а актуалізуе яе патэнцыял.

На працягу вякоў святы Тамаш з’яўляецца для Каталіцкага Касцёла адным з найважнейшых арыенцыіраў у інтэрпрэтацыі веры: невыпадкова ён атрымаў тытул Doctor communis – Паўсюдны доктар. Яго цэняць як філосафа, асабліва калі гаворка ідзе пра метафізіку, эпістэмалогію і этыку. Яго спадчына ўключае не толькі каментары да Бібліі або тэалагічных трактатаў, але і каментары да твораў старажытных філосафаў (Арыстоцель, Баэцый), а таксама ўласныя філасофскія творы.

Святому Тамашу, як напісаў Папа, “спадарожнічае нястомнае ўсведамленне таго, што праўды веры – пачынаючы ад Трыадзінства Бога, а таксама боскай і чалавечай прыроды Хрыста, – “спачываюць” не толькі ў інтэлекце, але і абгрунтоўваюць штодзённую экзістэнцыю і канкрэтную ролю кожнага веруючага ў Касцёле і грамадстве”.

“Будучы добрым дамініканінам, Тамаш велікадушна прысвяціў сябе евангелізацыі, цалкам аддаючыся малітве, сур’ёзнаму і поўнаму запалу навучанню, тэалагічнай і культурнай творчасці, якая ўражвае, прапаведванню і адказам на просьбы, якія скіроўвалі да яго ордэн, касцёльныя ўлады і свецкі свет, а таксама яго знаёмыя і сябры”, – напісаў Пантыфік.

Францішак заахвоціў чэрпаць з мудрасці і сведчання аквінскага дамініканіна: праз “вывучэнне творчасці святога Тамаша ў яе гістарычным і культурным кантэксце” можна адшукаць адказы на актуальныя “культурныя выклікі”.

Звяртаючыся да біскупаў згаданых італьянскіх дыяцэзій, Папа заклікаў іх да “цярплівага і сінадальнага будавання супольнасці, да адкрытасці на ўсю праўду”. “Сапраўдная сінадальнасць – трэба памятаць – гэта супольнае ўзрастанне ў Хрысце жывых і актыўных членаў касцёльнага Цела, цесна з’яднаных і звязаных паміж сабой. Гэта Касцёл, супольнае вымярэнне якога жывіцца і праяўляецца ў сакрамэнтальным жыцці і літургіі, у духоўнасці, у культурнай і інтэлектуальнай дыяконіі, у пераканаўчым сведчанні, у любові і клопаце пра самых бедных і безабаронных”, - патлумачыў Святы Айцец.

“Сёння Тамаш Аквінскі з яго духам адкрытасці і ўніверсальнасці з’яўляецца крыніцай натхнення і ўзорным настаўнікам у сваёй увазе, засяроджанай на рэчаіснасці ў яе розных вымярэннях”, - падкрэсліў у пасланні Папа, дадаўшы, што самай вялікай спадчынай дамініканіна з Аквіны з’яўляецца яго святасць.

Святы Тамаш стаў заснавальнікам найбольш вядомага кірунку ў сярэднявечнай схаластыцы – тамізму. Лічыцца найвялікшым каталіцкім тэолагам, за што яго назвалі “анёльскім доктарам”. 18 ліпеня 1323 года быў кананізаваны Папам Янам XXII у Авіньёне. У 1567 годзе яму быў наданы тытул Доктара Касцёла.
 

30 чэрвеня 2023, 08:55