Пошук

Святы Айцец: абвяшчэнне Евангелля – кісларод для Касцёла

Прыклад апосталаў Пятра і Паўла вучыць Касцёл ставіць у цэнтр жыцця наследаванне Пана і абвяшчэнне Евангелля, - падкрэсліў Папа падчас святой Імшы, якую ўзначаліў 29 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане.

Падчас літургіі, якая прайшла ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла ў ватыканскай базіліцы, Пантыфік прапанаваў паразважаць над адказамі гэтых апосталаў на “фундаментальнае, самае важнае пытанне”, якое Езус задаў сваім вучням: “А вы кім лічыце Мяне?” (Мц 16,15).

Паводле Папы, адказ святога Пятра можна абагульніць адным словам – наследаванне. Апостал сказаў Езусу: “Ты – Хрыстус, Сын Бога жывога”. Гэта дакладная фармуліроўка, “як з Катэхізіса”, была выразам духоўнай сталасці Пятра і прыйсці да яе ён змог дзякуючы асабістаму шляху з Езусам.

Пётр не марудзіў з адказам на пакліканне Хрыста, не адкладаў прыняцце рашэння і не шукаў “алібі”, каб не рабіць гэтага, але пайшоў і Ім і паказвае нам, што менавіта наследуючы Езуса мы штодзённа пазнаём Яго, становімся Яго вучнямі і сябрамі, атрымліваем досвед Яго любові, што перамяняе нас.

Прыклад святога Пятра заклікае Касцёл наследаваць Езуса, вучыцца ў Яго і пакорна служыць Евангеллю. “Толькі так Касцёл будзе здольным весці дыялог з усімі і станавіцца месцам суправаджэння, блізкасці і надзеі для людзей нашага часу”, - сказаў Папа. На яго думку, гэта дапаможа таксама людзям далёкім ці абыякавым да пытанняў веры ўбачыць, што “Касцёл – гэта месца сустрэчы з Сынам Бога жывога і месца сустрэчы паміж намі”, як акрэсліваў яго Бэнэдыкт XVI.

Францішак заўважыў, што адказам святога Паўла на пытанне Езуса стала абвяшчэнне Евангелля. Прапаведуючы, Апостал народаў сам глыбей пазнаваў таямніцу Бога і таму ўсклікаў: “Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля” (1 Кар 9,16). “Такім чынам Павел кажа нам, што на пытанне: “А вы кім лічыце Мяне?”, не дастаткова адказаць асабістай рэлігійнасцю: неабходна абвяшчаць Пана і быць Яго сведкамі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што абвяшчэнне – гэта быццам кісларод для Касцёла. Яно павінна знаходзіцца ў цэнтры. “Будзе цудоўна, калі мы станем экстравертным Касцёлам, які не знаходзіць радасці ў справах гэтага свету, а ў абвяшчэнні Евангелля свету, каб сеяць у сэрцах людзей пытанне пра Бога. Нам трэба несці Пана Езуса паўсюль, з пакорай і радасцю: у нашым горадзе Рыме, у нашых сем’ях, у адносінах і суседстве, у грамадзянскай супольнасці, у Касцёле, у палітыцы, ва ўсім свеце, асабліва там, дзе пашыраецца беднасць, дэградацыя і маргіналізацыя”, - дадаў Пантыфік.

Папа звярнуўся да новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў, якія пазней атрымалі з яго рук паліі, з заклікам браць прыклад з апосталаў Пятра і Паўла, ідучы за Хрыстом і абвяшчаючы Евангелле, несучы прыгажосць Евангелля паўсюль, разам з усім Божым народам. Напрыканцы гаміліі ён прывітаў таксама дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату. “Дзякую за вашу прысутнасць: давайце будзем ісці разам, наследуючы Хрыста, абвяшчаючы Божае слова, узрастаючы ў братэрстве”, - сказаў Святы Айцец.
 

29 чэрвеня 2023, 10:47