Папа: наследаваць моц, шчодрасць і пакору святых Пятра і Паўла
Францішак заўважыў, што імя Пётр мае шмат значэнняў: гэта можа быць скала, апора ці проста камень. “Па-сутнасці, калі мы паглядзім на жыццё Пятра, мы ўбачым у ім ўсе тры гэтыя аспекты яго імені”, - дадаў Папа.
Апостал Пётр часта быў моцным і цвёрдым, натуральным і вялікім як скала: пакінуў усё, каб ісці за Езусам, прызнаў у Ім Хрыста, Сына Бога жывога, кінуўся ў мора, каб хутка выйсці насустрач Уваскросламу, з мужнасцю абвяшчаў Яго ў святыні, нягледзячы на арышт і бічаванне. “Традыцыя кажа таксама пра яго адвагу перад абліччам смерці, якую ён прыняў менавіта тут”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што Пётр быў таксама апорай для іншых людзей: ён адказаў на пакліканне разам з братам і сябрамі, пацвердзіў жаданне апосталаў наследаваць Пана, клапаціўся пра тых, якія пакутавалі, падтрымліваў супольнае абвяшчэнне Евангелля: быў вартай даверу апорай для ўсёй супольнасці.
Францішак нагадаў, што апостал Пётр станавіўся і як просты камень, калі ў яго асобе праяўлялася слабасць: часам ён не разумеў таго, што рабіў Езус, паддаўся страху і выракся Хрыста, потым раскаяўся і горка плакаў, але не знайшоў у сабе адвагі стаць пад крыжам. Пётр зачыніўся разам з іншымі ў вячэрніку з-за страху, што яго схопяць. Нарэшце, паводле традыцыі Quo vadis, спрабаваў уцячы ад мучаніцтва, але сустрэў Езуса на дарозе і знайшоў у сябе мужнасць вярнуцца.
У асобе Пятра ёсць усё гэта: моц скалы, надзейнасць апоры і мізэрнасць простага камня. Ён не быў суперменам, а такім чалавекам як мы. “Але менавіта так у Ім – як і ў Паўле і ўсіх іншых святых – выявілася тое, што Бог умацоўвае нас сваёй ласкай, яднае сваёй любоўю і прабачае сваёй міласэрнасцю. І менавіта з гэтай сапраўднай чалавечнасці Святы Дух фармуе Касцёл. Пётр і Павел былі сапраўднымі людзьмі, а сёння як ніколі патрэбны сапраўдныя людзі”, - сцвердзіў Пантыфік.
Францішак заклікаў вернікаў задумацца пра тое ці наша евангелізацыйная руплівасць і запал моцныя як скала; ці з’яўляемся апорай у будаванні Касцёла, працуючы на карысць адзінства і клапоцячыся пра бліжніх, асабліва пра самых бедных; ці ўсведамляем нашу мізэрнасць і давяраем яе Пану? “Няхай Марыя, Каралева Апосталаў, дапаможа нам наследаваць сілу, шчодрасць і пакору святых Пятра і Паўла”, - завяршыў сваё святочнае разважанне Пантыфік.