Святы Айцец да асумпцыяністаў: выхоўвайце ў сабе патройную любоў

“Дзе б вы ні былі, вы з’яўляецеся знакамі Валадарства Божага сваёй блізкасцю да людзей”, - звярнуўся Папа да ўдзельнікаў генеральнага капітула айцоў-асумпцыяністаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Адна з галоўных місій апостальскага манаскага жыцця заключаецца ў тым, каб вельмі канкрэтна праяўляць у штодзённым жыцці блізкасць Валадарства Божага, а значыць, і надзею для кожнага чалавека і для ўсяго свету”, - сказаў Францішак 22 чэрвеня 2023 года ў Ватыкане.

Ён адзначыў два дасягненні манаскай кангрэгацыі: апостальства пілігрымак, уключаючы пілігрымкі ў Лурд з розных краін і нават кантынентаў, і прыхільнасць да сродкаў масавай інфармацыі, якія Аўгустыніянцы Унебаўзяцця развіваюць сёння на ўсіх кантынентах, для рознай аўдыторыі, нават далёкай ад Касцёла.

Пантыфік спаслаўся на заснавальніка манаскай супольнасці, французскага святара Эмануэля д’Альзона, і заклікаў сваіх гасцей не баяцца выхоўваць у сабе і вакол сябе патройную любоў: любіць Хрыста, любіць Панну Марыю і любіць Касцёл. Такім чынам, - лічыць Францішак, - яны застануцца вернымі сваёй харызме і знойдуць правільныя і наватарскія спосабы яе рэалізаваць.
 

22 чэрвеня 2023, 11:27