Пошук

Святы Айцец: не трэба баяцца не адпавядаць модзе

Не баяцца неразумення і крытыкі, страты прэстыжу і эканамічных выгодаў, але змарнавання існавання ў пагоне за дробнымі рэчамі, якія не напаўняюць жыццё сэнсам, - сказаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскае літургічнае чытанне, у якім Езус тройчы заклікаў сваіх вучняў: “Не бойцеся”, перад гэтым кажучы ім пра пераслед, якія павінны будуць спазнаць за Евангелле. Ганенні спадарожнічаюць жыццю Касцёла ад самага пачатку, - дадаў Папа, звяртаючыся да вернікаў, сабраных 25 чэрвеня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане на малітве Анёл Панскі.

“Здаецца парадоксам: абвяшчэнне Божага Валадарства – гэта пасланне міру і справядлівасці, заснаванае на братэрскай любові і прабачэнні, аднак сустракае супраціў, насілле і пераслед. Езус жа кажа не баяцца: не таму, што ў свеце ўсё будзе добра, а таму, што для Айца мы каштоўныя і нішто добрае не прападзе. Таму Ён кажа, каб мы не дазволілі страху паралізаваць нас, але баяліся чагосьці іншага, толькі аднаго. Чаго?”, - прапанаваў задумацца Францішак.

Пантыфік адзначыў, што Хрыстус выкарыстоўвае для акрэслення гэтай небяспекі слова “геена” – так называўся вялікі сметнік недалёка ад Ерузалема, добра вядомs жыхарам гэтага горада. “Езус згадаў пра яго, каб сказаць, што па-сапраўднаму трэба баяцца загубіць жыццё. Быццам бы кажучы: трэба не столькі баяцца непаразуменняў і крытыкі, страты прэстыжы і эканамічных выгодаў дзеля захавання вернасці Евангеллю, колькі згубіць сваё існаванне ў пагоні за дробнымі рэчамі, якія не напаўняюць жыццё сэнсам”, - патлумачыў Святы Айцец.

Гэта таксама важна для нас. “Нават сёння можна быць абсмяяным або дыскрымінаваным, калі не прытрымлівацца пэўных модных мадэляў, якія, аднак, часта ставяць у цэнтр другасныя рэаліі: рэчы, а не людзей, прадуктыўнасць, а не адносіны”, - дадаў ён.

Францішак адзначыў, што ў сучасных “геенах” часта апынаюцца людзі, якіх разглядаюць як адходы і непажаданыя рэчы. “Заставацца верным таму, што мае значэнне, каштуе: каштуе руху супраць плыні, вызвалення ад абумоўленасці агульнапрынятага мыслення, быцця адчужанымі тымі, хто “ідзе па хвалі”. Але гэта не мае значэння, кажа Езус: важна не згубіць самае вялікае дабро – жыццё. Толькі гэта павінна нас палохаць”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў задумацца пра тое, чаго баяцца яны: “Не мець таго, што падабаецца? Не дасягнуць мэт, якія навязвае грамадства? Суджэння іншых? Ці не падабацца Пану і не ставіць на першае месца Яго Евангелле? Няхай Марыя, Мудрая Панна, дапаможа нам быць мудрымі і адважнымі ў прыняцці рашэнняў”, - пажадаў Святы Айцец.

25 чэрвеня 2023, 12:28

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >