Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Папа студэнтам астранамічнай школы: не губляйце пачуцця здзіўлення

Ніколі не губляць пачуцця здзіўлення і натхняцца любоўю да ісціны заклікаў Францішак студэнтаў Летняй школы астрафізікі, арганізаванай Ватыканскай абсерваторыяй у Кастэль-Гандольфа.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Неабсяжнасць сусвету заўсёды была крыніцай здзіўлення для чалавецтва. Яго велізарныя памеры могуць ашаламляць, нават палохаць. Спасцігнуць гэты неабсяжны прастор, стварыць інструменты, каб лепш разумець пастаянны паток новых дадзеных, імкнуцца маладыя навукоўцы XXI стагоддзя, да якіх Папа скіраваў сваё пасланне.

Пантыфік папярэдзіў іх ад спакусы атрымліваць толькі чаканыя адказы і не дазваляць сабе здзіўляцца новым і непрадбачаным адкрыццям. “Нават гледзячы на рэальнасць праз акно астраноміі, не грэбуйце іншымі вокнамі, праз якія можна пабачыць іншую важную рэальнасць, такую як спачуванне і любоў”, - заахвоціў маладых астраномаў Святы Айцец.

“Магчыма, самае дзіўнае ў гэтым сусвеце – гэта існаванне ў ім істот, падобных нам, мужчын і жанчын, якія валодаюць здольнасцю са здзіўленнем назіраць за ім і даследаваць яго”, - зазначыў Святы Айцец, нагадваючы біблейскія радкі аб тым, што Бог, ствараючы чалавека, увянчаў яго славай і гонарам (Пс 8, 5-6).

“Ніколі не губляйце пачуцця здзіўлення ні ў даследаваннях, ні ў жыцці. Няхай вас заўсёды натхняе любоў да ісціны і хвалюе ўсё, што адкрывае перад вамі кожны фрагмент сусвету”, - пажадаў навучэнцам астранамічнай школы Францішак, благаслаўляючы іх і просячы маліцца аб ім.

20 чэрвеня 2023, 10:30