Святы Айцец здзейсніць Апостальскі візіт у Манголію
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду заявіў, што “прыняўшы запрашэнне Прэзідэнта Манголіі і касцёльных уладаў краіны, Папа Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў Манголію з 31 жніўня па 4 верасня 2023 года”. “Праграма і дадатковыя дэталі будуць паведамлены ў бліжэйшыя тыдні”, - дадаў ён.
Пра планы здзейсніць падарожжа ў Манголію Пантыфік казаў у лютым 2023 года, вяртаючыся з пілігрымкі ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. Візіт адпавядае імкненню Папы наведваць геаграфічныя і экзістэнцыяльныя перыферыі.
Каталіцкая супольнасць у Манголіі з’яўляецца адной з самых малалікіх у Азіі – яна налічвае ўсяго каля 1400 вернікаў. На цяперашні момант там дзейнічаюць шэсць парафій.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Манголіі ў 1921 годзе Святы Пасад заснаваў для мясцовай каталіцкай супольнасці місію sui iuris Знешняй Манголіі, якая праз некалькі гадоў была перайменавана ў місію sui iuris Ургі. У 1924 годзе ў Манголіі быў устаноўлены камуністычны рэжым, залежны ад Савецкага Саюза, які вёў жорсткую барацьба з рэлігіяй.
Новы этап у гісторыі Касцёла ў Манголіі распачаўся ў 1990-я гады. У 1992 годзе Апостальская Сталіца і Манголія ўстанавілі дыпламатычныя адносіны. У 1996 годзе – быў пабудаваны першы каталіцкі храм. У 2016 годзе з’явіўся першы мясцовы святар.
У 2002 годзе місія sui iuris Ургі была ператворана ў Апостальскую прэфектуру Улан-Батара. На цяперашні момант яе ўзначальвае італьянскі кардынал Джорджыа Марэнга. Францішак нагадаў яму кардынальскую годнасць зусім нядаўна – 27 жніўня 2022 года. 48-гадовы іерарх з’яўляецца самым маладым кардыналам у Касцёле. Яго сядзіба знаходзіцца ў катэдральным касцёле святых Пятра і Паўла ва Улан-Батары, кансэкраваным у 2003 годзе.