Пошук

Анёл Панскі: цярпліва расціць тое, што сее Пан у палях жыцця

Бачыць прыгажосць таго, што пасеяў Пан, у тых, хто побач, у свеце і ў саміх сабе, - заахвоціў вернікаў Францішак перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 23 ліпеня 2023 года на плошчы святога Пятра.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пантыфік нагадаў евангельскую прыпавесць пра каласоўнік (Мц 13, 24-43), у якой гаспадар пасеяў на сваім полі добрае насенне, а ноччу прыйшоў вораг і пасеяў між пшаніцаю пустазелле. Гэтай прыпавесцю Езус кажа, што і наш свет падобны на вялікае поле, дзе Бог сее пшаніцу, а д'ябал – пустазелле. Таму дабро і зло растуць разам: у гісторыі, у грамадстве, у сям'і і ў Касцёле. Пан папярэджвае нас ад спакусы неадкладна выпалаць каласоўнік, бо нельга стварыць ідэальны свет, паспешліва руйнуючы тое, што не так, таму што гэта прыводзіць да горшых наступстваў: “разам з бруднай вадой выкідваем і дзіця”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Аднак існуе іншае поле, дзе мы можам і павінны навесці парадак: гэта поле сэрца, дзе таксама растуць пшаніца і каласоўнік, дабро і зло. Мы павінны, “з аднаго боку, пастаянна клапаціцца аб далікатных парастках дабра, з другога боку, выяўляць і выкараняць пустазелле”, - зазначыў Папа, запрашаючы вернікаў зазірнуць унутр сябе, даследаваць сваю свядомасць, каб праверыць, у святле Божым, што адбываецца ў нашых сэрцах.

Акрамя таго, існуе і трэцяе поле, якое Францішак назваў полем блізкага: гэта людзі, з якімі мы сустракаемся штодзень і якіх часта судзім. “Як лёгка распазнаць у іх каласоўнік! І як цяжка ўбачыць у іх парасткі добрага зерня!” – заўважыў Францішак, заклікаючы слухачоў “навучыцца бачыць у іншых, у свеце і ў сабе прыгажосць таго, што пасеяў Пан, пшаніцу, пацалаваную сонцам, з залатымі каласамі”.

Святы Айцец запрасіў вернікаў задаць сабе некалькі пытанняў. Думаючы пра поле свету: ці магу я перамагчы спакусу вырваць усю траву, выпалаць іншых людзей сваімі меркаваннямі? Разважаючы пра поле сэрца: ці сумленна шукаю я ў сабе парасткі зла, ці рашуча спальваю іх у агні Божай ласкі? Думаючы пра поле блізкага: ці валодаю я мудрасцю, каб бачыць тое, што добра, нягледзячы на чужыя абмежаванні і марудлівасць?

Святы Айцец заклікаў Марыю “дапамагчы нам цярпліва расціць тое, што Пан сее ў палях жыцця”.

23 ліпеня 2023, 12:20

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >