Папа Францішак Папа Францішак  (ANSA)

Францішак: калі Касцёл выходзіць вонкі, адчувае сябе мацнейшым

Папа звярнуўся да ўдзельнікаў 15-й Міжкасцёльнай сустрэчы супольнасцей, якая праходзіць у бразільскім Ранданопалісе пад эгідай Панамазонскай касцёльнай сеткі (REPAM).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У відэа Францішак запрасіў біскупаў, духавенства, кіраўнікоў арганізацый, звязаных з Каталіцкім Касцёлам, прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, грамадскіх і народных рухаў працягваць працу і шукаць гармоніі. Папа параўнаў Касцёл з вадой: “Калі вада ў рацэ не цячэ, яна застойваецца і хварэе. Калі Касцёл выходзіць вонкі, ідзе, пачынае адчуваць сябе мацнейшым”.

Падчас сустрэчы была дадзена ацэнка рэлігійнай дзейнасці свецкіх вернікаў, гаворка ішла пра культурную разнастайнасць, удзельнікі крытыкавалі сацыяльна-эканамічную мадэль, накіраваную на безадказнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў.

REPAM была заснавана ў 2014 годзе біскупамі, святарамі, законнікамі і свецкімі вернікамі з Амазоніі. Ініцыятыва стала рэакцыяй Каталіцкага Касцёла на знішчэнне рэгіёна, яе мэта – “абарона жыцця, зямлі і культуры”. Прадстаўнікі Сеткі былі актыўнымі падчас трохтыднёвай сесіі Сінода Біскупаў па Амазоніі, падкрэсліваючы неабходнасць рэформы Касцёла ў гэтым рэгіёне Паўднёвай Амерыкі.
 

20 ліпеня 2023, 11:19