Францішак падчас сустрэчы з маладымі аргентынцамі Францішак падчас сустрэчы з маладымі аргентынцамі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак да моладзі: Бог любіць нас такімі, якія мы ёсць

Напярэдадні Сусветнага дня моладзі выйшаў другі выпуск Папскага падкаста, у якім хлопцы і дзяўчаты дзеляцца з Францішкам сваімі асабістымі гісторыямі, праблемамі і надзеямі, а той адказвае ім словамі суцяшэння і падбадзёрвання.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У падкасце прынялі ўдзел маладыя людзі рознага ўзросту і паходжання: трансгендар Ёна, непаўналетнія злачынцы Эдвард і Валерый, хворая на біпалярны разлад Арыяна, некалькі маладых аргентынцаў, выкладчыца рэлігіі, італьянец Джузэпэ, які большую частку свайго часу праводзіць за камп’ютернымі гульнямі.

Папа ўважліва выслухаў усе гісторыі і адказаў кожнаму ўдзельніку. Ёне, які імкнецца быць вернікам, але сутыкаецца з цяжкасцямі, як трансгендар і чалавек з фізічнымі праблемамі, Святы Айцец сказаў: "Бог любіць нас такімі, якія мы ёсць". "Пан заўсёды суправаджае нас, заўсёды. Нават калі мы грашым, Ён набліжаецца, каб дапамагчы нам", - запэўніў Францішак, запрашаючы Ёну “не здавацца, працягваць ісці наперад".

Цяжкія сямейныя сітуацыі румына Эдварда і рускага Валерыя прывялі да здзяйснення імі злачынстваў, за якія яны адбываюць пакаранне ў калоніі для непаўналетніх. У адказ на іх сведчанне Папа заўважыў, што нельга дазваляць памылкам уплываць на наша жыццё і што "чалавечая гісторыя, з яе поспехамі і няўдачамі, працягваецца". Святы Айцец нагадаў хлопцам, што Пан заўсёды гатовы "ўзяць іх за руку, дапамагчы падняцца". Наша задача – прызнаць памылкі, каб дазволіць Богу дапамагчы нам асэнсаваць наша жыццё і пазітыўна рухацца наперад, - сказаў Францішак.

Арыяне, якая вядзе барацьбу з біпалярным сіндромам, Папа параіў прытрымлівацца рэкамендацый медыкаў і заўсёды глядзець наперад, не выпускаючы з-пад увагі гарызонт Божай любові і міласэрнасці.

Затым Францішак звярнуўся да маладых аргентынцаў і заклікаў іх дапамагчы палепшыць жыццё і грамадства ў гэтай багатай рэсурсамі краіне.

У адказ на словы Валерыі, маладой выкладчыцы рэлігіі, Папа нагадаў пра важнасць таго, каб Касцёл ішоў разам з народам, не замыкаючыся ў сабе, бо веліч Касцёла заключаецца ў яго разнастайнасці і адзінстве.

На думку Папы, лад жыцця Джузэпэ, які кінуў вучобу ва ўніверсітэце, каб большую частку часу праводзіць дома за камп’ютернымі гульнямі, з’яўляецца "асептычным" і ізаляваным, без кантактаў з іншымі людзьмі: “Табе не хапае гарызонту... Нельга жыць без гарызонту, разумееш? З часам табе стане сумна з самім сабой".

У заключэнне Францішак заклікаў сваіх маладых суразмоўцаў пастарацца прыняць удзел у СДМ у Лісабоне: "Варта рызыкнуць і паехаць. Хто не рызыкуе, той не ідзе наперад", - сказаў Папа.

Паслухаць падкаст на італьянскай мове можна на старонцы італьянскай рэдакцыі Ватыканскага радыё - Vatican News.

25 ліпеня 2023, 13:52