Факельнае шэсце ў Рыме Факельнае шэсце ў Рыме  (ANSA)

Пантыфік: трэба актыўна працаваць на карысць новага чалавецтва

Францішак скіраваў пасланне дапаможнаму біскупу Рымскай дыяцэзіі Балдасарэ Рэйне ў 30-ю гадавіну нападаў на рымскія храмы – папскую базіліку святога Яна Латэранскага і касцёл Сан-Джорджа-ін-Велабра.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Святы Айцец заклікаў рашуча супрацьстаяць шматлікім формам беззаконня і злоўжыванняў, якія, на жаль, працягваюць існаваць у сучасным грамадстве. Ад несправядлівасці любога роду пакутуюць, у першую чаргу, самыя ўразлівыя грамадзяне, - адзначыў ён.

Папа лічыць, што сёння кожны абавязаны з удзячнасцю ўзгадаць тых, хто працаваў на карысць дэмакратыі, свабоды і справядлівасці, хто рызыкаваў жыццём, становячыся на абарону грамадства. Для стварэння новай цывілізацыі любові патрэбны людзі, здольныя ўзяць на сябе адказнасць.

Біскуп Рыма звярнуўся да моладзі, называючы яе “надзеяй на цудоўную будучыню”, і заклікаў новыя пакаленні да смеласці, бо, калі страх ахоплівае розум і сэрца, пускае карані мафія. Маладыя людзі, перакананы Францішак, павінны “актыўна падтрымліваць змену грамадскага мыслення, быць променем святла сярод цемры і сведчаннем свабоды, справядлівасці і праведнасці”. Папа заклікаў усіх у грамадстве і Касцёле “актыўна працаваць на карысць новага чалавецтва”.

У памяць аб нявінных ахвярах мафіі, якія загінулі ў выніку тэрактаў 30 гадоў таму, 28 ліпеня 2023 года ў сталіцы Італіі пройдзе начное факельнае шэсце Рым не забывае, арганізаванае касцёльнымі і грамадзянскімі ўладамі сталіцы.
 

28 ліпеня 2023, 11:50