Папа да ўдзельнікаў СДМ: жадаю добрай гульні

Ярка правесці Сусветныя дні моладзі, узбагаціцца вялікай разнастайнасцю культур і стаць адзіным цэлым, каб лепш сведчыць радасць Евангелля, - пажадаў Францішак маладым пілігрымам на шляху ў Лісабон.

Марыя Валодзіна - Vatican News

16 ліпеня 2023 года Пантыфік прывітаў групу пілігрымаў з аргенцінскай Кордавы, якія, як і тысячы іншых маладых людзей, накіроўваюцца ў Партугалію для ўдзелу ў Сусветных днях моладзі.

На думку Францішка, маладыя пілігрымы ўвасабляюць дэвіз СДМ. Як Марыя, яны падняліся, пакінулі свае сем'і і хаты, каб паспяшацца насустрач іншаму. Акрамя дэвізу, удзельнікаў моладзевага форума аб'ядноўвае таксама футболка, якую Францішак назваў “футболкай веры і любові да Бога і братоў”.

Працягваючы тэму футбола, Папа запытаў маладых аргенцінцаў, ці зразумелі яны, што рыхтуюцца да чэмпіянату свету. Гэта будзе асаблівы чэмпіянат: сяброўская сустрэча, у якой няма пераможцаў ці прайграўшых, але выйграюць усе, каб разам падняць кубак братэрства, які так патрэбны ў наш час.

Святы Айцец заклікаў моладзь правесці Сусветныя дні моладзі ярка, каб “узбагаціцца вялікай разнастайнасцю асоб, культур, досведу, выразаў і праяў веры”. Але перш за ўсё, каб разам стаць адзіным цэлым, каб “усе былі адно” (Ян 17, 21) і сведчылі радасць Евангелля многім іншым маладым людзям, якія заблукалі ў жыцці і не знаходзяць у ім сэнсу.

Напрыканцы сустрэчы Францішак пажадаў моладзі добрай гульні. “Няхай Езус благаслаўляе вас, а Дзева Марыя захоўвае вас. І, калі ласка, прашу вас маліцца за мяне. Убачымся ў Лісабоне”, - такімі словамі завяршыў сваю прамову Святы Айцец.

16 ліпеня 2023, 11:22