СДМ-2023: прэс-сакратар падзяліўся дэталямі папскага візіту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Матэа Бруні адзначыў, што “Францішак ведае партугальскую культуру” і ў яго прамовах будуць згадвацца такія пісьменнікі, як Песоа і Сарамагу.
Ён паведаміў, што папская паездка ў Партугалію 2-6 жніўня 2023 года пройдзе пад знакам клопату пра маладое пакаленне і свет, пагружаны ў войны. Прамовы Францішка будуць “вялікай катэхезай”, улічваючы “страхі і мары” маладых людзей і спробы іх “эксплуатацыі”, у тым ліку ў віртуальнай форме.
Пантыфіка будуць суправаджаць кардыналы: Кэвін Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, і Жазэ Таленціна Мендонса, партугалец, прэфект Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі, а таксама звычайная медыцынская група. Яе не сталі пашыраць не гледзячы на нядаўнюю аперацыю, якую зрабілі Святому Айцу.
Бруні звярнуў увагу на тое, што пяцідзённы візіт Францішка стане самым працяглым папскім апостальскім падарожжам у Партугалію на сённяшні дзень. Святы Павел VI быў там 13 мая 1967 года, святы Ян Павел ІІ – 12-15 мая 1982 года, 10-13 мая 1991 года і 12-13 мая 2000 года. Той жа Пантыфік спыняўся ў аэрапорце Лісабона 2 сакавіка 1983 года на шляху ў Цэнтральную Амерыку. Бэнэдыкт XVI праводзіў сваё апостальскае падарожжа ў краіну 11-14 мая 2010 года, а Францішак быў тут упершыню 12-13 мая 2017 года.
Адказваючы на пытанне журналістаў аб сустрэчы Папы з ахвярамі злоўжыванняў у Касцёле ў Партугаліі, Бруні сказаў, што СМІ будуць праінфармаваныя аб гэтым постфактум, таму што такія сустрэчы заўсёды носяць прыватны характар, “каб палегчыць працэс аздараўлення, заўсёды асабісты, інтымны”.