Анёл Панскі: вера праяўляецца ў малітве і ўчынках
Марыя Валодзіна - Vatican News
Францішак спаслаўся на евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з канаанкай (Мц 15, 21-28), якая настойліва прасіла Яго вызваліць яе дачку ад злога духа, але Ён не адказаў ёй ні слова. Вучні раілі згадзіцца, каб жанчына пакінула іх у спакоі, але Езус, пасланы толькі для дзяцей Ізраіля, тлумачыць адмову так: “Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам”. Жанчына адказала: "Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх". Тады Езус сказаў ёй: "О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш”. I з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Езус змяніў сваё стаўленне пад уплывам моцнай веры жанчыны, і прапанаваў больш падрабязна спыніцца на двух аспектах: змене Езуса і веры канаанкі.
Першы аспект – змена Езуса. У той час Ён прапаведаваў сярод абранага народа, і толькі потым Святы Дух распаўсюдзіў Касцёл па ўсяму свету. Але ў эпізодзе з канаанкай Езус апярэджвае час, прадбачыць універсальнасць Касцёла Божага. Бог – гэта любоў, а той, хто любіць не настойвае на сваёй пазіцыі, можа змяніць свае планы. Хрысціяне таксама закліканы быць гатовымі мяняцца, быць мяккімі, гнуткімі, умець па-сапраўднаму слухаць, - лічыць Святы Айцец.
Другі аспект – вера жанчыны. Яна – іншаземка, якая, хутчэй за ўсё, дрэнна ведала ці зусім не ведала рэлігійных законаў Ізраіля. “У чым жа тады яе вера?” - запытаў Папа, адказваючы, што вера канаанкі багатая не абстрактнымі паняццямі, а канкрэтнымі фактамі: яна падышла, пакланілася, завяла дыялог з Езусам, пераадолела ўсе перашкоды, каб паразмаўляць з Ім, наладзіць асабістыя адносіны з Панам. На думку Францішка, вера жанчыны – не ў “тэалагічным этыкеце”, а ў яе настойлівасці і малітве. Бог не супраціўляецца, калі Яму моляцца: "Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам" (Мц 7, 7), - нагадаў Папа.
Францішак заахвоціў вернікаў задаць сабе некалькі пытанняў. Разважаючы пра змену Езуса, спытацца: Ці магу і я змяніць сваё стаўленне? Ці бываю і я ўважлівым і спагадлівым, альбо заўсёды жорстка прытрымліваюся сваёй пазіцыі? Думаючы пра веру жанчыны, запытаць сябе: Якая мая вера? Ці абмяжоўваецца яна абстрактнымі паняццямі і словамі, альбо праяўляецца ў малітве і канкрэтных справах?
Папа запрасіў вернікаў маліцца Маці Божай, “каб зрабіла нас адкрытымі для дабра і канкрэтнымі ў веры”.