Пошук

Папа: Сусветныя дні моладзі паказалі – братэрскі свет магчымы

“Сусветныя дні моладзі паказалі ўсім, што магчымы іншы свет: свет братоў і сясцёр, дзе сцягі ўсіх народаў лунаюць разам, побач, без нянавісці, без страху, без закрытасці, без зброі!”, - сказаў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Зале Паўла VI у Ватыкане, якая прайшла 9 жніўня 2023 года і стала першай пасля перыяду летняга адпачынку, Францішак падвёў вынікі свайго Апостальскага падарожжа ў Партугалію, якое здзейсніў з 2 па 6 жніўня з нагоды 37-х Сусветных дзён моладзі, што прайшлі ў Лісабоне.

Папа нагадаў, што СДМ сталі першымі пасля перажытай пандэміі каронавіруса і ўспрымаліся многімі як дар Бога. “Мы добра ведаем, што пандэмія сур’ёзна паўплывала на сацыяльныя паводзіны: ізаляцыя часта выраджалася ў закрытасць, а моладзь адчула гэта асаблівым чынам. З дапамогай Сусветных дзён моладзі Бог даў “штуршок” у адваротным кірунку: яны пазначылі новы пачатак вялікага пілігрымавання моладзі па ўсіх кантынентах у імя Езуса Хрыста”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што ўдзельнікам форума было прапанавана паглядзець на прыклад Багародзіцы, якая ў самы крытычны для Яе момант, паспяшыла з дапамогай да сваёй сваячкі Альжбеты. Ён адзначыў, што Марыя ўказвае шлях наследавання Езуса юнакам і дзяўчатам трэцяга тысячагоддзя, “як зрабіла гэта амаль стагоддзе таму ў Партугаліі, у Фаціме, калі звярнулася да трох дзяцей, давяраючы ім пасланне веры і надзеі для Касцёла і свету”.

“Таму падчас СДМ я вярнуўся ў Фаціму, у месца аб’яўленняў, і разам з некаторымі хворымі маладымі людзьмі маліўся Богу, каб Ён аздаравіў свет ад хвароб духа: пыхі, хлусні, варожасці, насілля – усё гэта хваробы духа, а свет хварэе на іх. І мы аднавілі наша прысвячэнне Еўропы і свету Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Я маліўся за мір, бо шмат войнаў ідзе ва ўсіх частках свету”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік адзначыў, што на Сусветныя дні моладзі прыбылі юнакі і дзяўчаты з розных частак свету, у тым ліку з Украіны, якія прывезлі разам з сабой вельмі балючыя гісторыі. “Гэта не былі канікулы, турыстычнае падарожжа і нават не духоўная падзея дзеля самой сябе: Сусветныя дні моладзі – гэта сустрэча з жывым Хрыстом праз Касцёл, моладзь прыехала, каб сустрэць Хрыста”, - дадаў Францішак.

Папа падзякаваў Касцёлу ў Партугаліі за арганізацыю форума і гасціннасць, выказваючы ўпэўненасць, што падзея дасць яму новыя сілы і дапаможа ў апостальскай дзейнасці.

“У той час як ідзе змаганне ва Украіне і іншых частках свету, а ў пэўных схаваных кабінетах плануецца вайна, Сусветныя дні моладзі паказалі ўсім, што магчымы іншы свет: свет братоў і сясцёр, дзе сцягі ўсіх народаў лунаюць разам, побач, без нянавісці, без страху, без закрытасці, без зброі! Пасланне моладзі было ясным: я пытаюся ў сябе – ці пачуюць яго магутныя гэтага свету? Ці пачуюць гэты юнацкі энтузіязм, які прагне міру? Гэта прыпавесць для нашага часу, і цяпер Езус кажа зноў: “Хто мае вушы, няхай слухае! Хто мае вочы, няхай бачыць!”. Будзем спадзявацца, што ўвесь свет пачуе гэтыя Сусветныя дні моладзі і будзе глядзець на гэту прыгажосць моладзі, рухаючыся наперад”, - выказаў перакананне Святы Айцец.
 

09 жніўня 2023, 10:18

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >