Папа да палітычных лідараў: свету патрэбна сапраўдная Еўропа

Разам, па-братэрску даць надзею свету, - заклікаў Папа 2 жніўня 2023 года ў Лісабоне палітычныя і рэлігійныя ўлады, дыпкорпус, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Партугаліі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак лічыць, што існуе агульнае ўсведамленне глабальнага характару сённяшніх праблем, “і тым не менш мы часта сутыкаемся з неэфектыўнасцю рэагавання на іх”, бо “свет аказваецца раз'яднаным або, па меншай меры, недастаткова згуртаваным, няздольным разам супрацьстаяць таму, што шкодзіць усім”.

“Планетарная несправядлівасць, войны, кліматычныя і міграцыйныя крызісы, здаецца, рухаюцца хутчэй, чым здольнасць, а часта і воля, разам супрацьстаяць такім выклікам”, - адзначыў ён падчас сваёй першай афіцыйнай прамовы ў рамках візіту ў Партугалію.

Пантыфік перакананы ў тым, што Лісабон можа дапамагчы “змяніць тэмп” рэагавання на праблемы, бо менавіта тут у 2007 годзе была падпісана дамова аб рэфармаванні Еўрапейскага саюза. У дакуменце сцвярджаецца, што “мэта Саюза – садзейнічаць міру, каштоўнасцям і дабрабыту яго народаў”, што “ў сваіх знешніх адносінах Саюз (...) павінен спрыяць міру, бяспецы, устойліваму развіццю Зямлі, салідарнасці і ўзаемнай павазе паміж народамі, свабоднаму і справядліваму гандлю, выкараненню галечы і абароне правоў чалавека”.

“Еўропа, сапраўдная Еўропа, патрэбная свету”, - адзначыў Папа, нагадваючы пра неабходнасць міратворчых ініцыятыў на ўсходзе кантыненту, у Міжземным моры, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе.

“У акіяне гісторыі мы плывём па ўзбураных хвалях і бачым, як не хапае адважных шляхоў да міру. Гледзячы на Еўропу з сардэчнымі пачуццямі, у духу дыялогу, які яе характарызуе, хочацца спытаць: куды вы прывяце, калі не прапануеце свету шляхоў міру, творчых шляхоў спынення вайны ва Украіне і шматлікіх канфліктаў, якія афарбоўваюць свет крывёй?” - звярнуўся Святы Айцец да сабраных у лісабонскім культурным цэнтры – Centro Cultural de Belém.

Сустрэча Францішка з паругальскім істэблішментам

Ён падзяліўся сваёй марай “аб Еўропе, сэрцы Захаду, якая выкарыстоўвае сваю вынаходлівасць, каб патушыць агонь вайны і распаліць святло надзеі; пра Еўропу, якая магла б нанова адкрыць сваю юнацкую душу, марачы аб бляску супольнага і выходзячы за межы надзённых патрэб; пра Еўропу, якая б прымала народы і людзей без звароту да тэорый і ідэалагічнай каланізацыі”.

Францішак звярнуў увагу на прыярытэтную тэму абароны чалавечага жыцця, “якому пагражаюць утылітарныя тэндэнцыі”. “Я думаю пра шматлікіх ненароджаных дзяцей і пажылых людзей, пакінутых на волю лёсу, пра цяжкасці ў прыёме, абароне, падтрымцы і інтэграцыі тых, хто прыбывае здалёк і стукаецца ў дзверы, пра адзіноту многіх сем’яў, якія змагаюцца з праблемамі нараджэння і выхавання дзяцей”, - падзяліўся ён.

Лісабон для Папы застаецца знакам надзеі. Акіян моладзі, які ўліўся ў горад у гэтыя дні “ажывіў жаданне ствараць новае, ісці ўглыб і разам плыць у будучыню”.

У Еўропе і ўвогуле на Захадзе, нагадаў Пантыфік, “назіраецца сумная фаза зніжэння дэмаграфічнай крывой: прагрэс, здаецца, залежыць ад развіцця тэхналогій і індывідуальнага камфорту, а будучыня патрабуе супрацьдзеяння зніжэнню нараджальнасці і змяркання волі да жыцця”.

Ён перакананы ў тым, што “добрая палітыка тут можа зрабіць шмат, яна можа стаць генератарам надзеі”. Трэба “дальнабачна інвеставаць у будучыню, у сем'і і дзяцей, спрыяць стварэнню альянсаў пакаленняў, у якіх мінулае не сціраецца адным узмахам рукі, а ўмацоўваюцца сувязі паміж маладымі і старымі”, - адзначыў Францішак.

Папа заклікаў палітыкаў, духавенства, дыпламатаў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці “адчуць сябе пакліканымі разам, па-братэрску даць надзею свету”.
 

02 жніўня 2023, 13:48