Пантыфік моладзі: бачыць у крыжы прыгажосць любові Бога
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У пятніцу 4 жніўня 2023 года Францішак узначаліў набажэнства Крыжовага шляху, якое прайшло ў лісабонскім парку Эдуарда VII. Яму папярэднічалі сведчанні маладых людзей з Іспаніі, Партугаліі і ЗША, якія распавялі пра крыж у сваім жыцці і пра духоўнае ўваскрасенне, спазнанае імі дзякуючы адкрыццю жыцця з Богам. Затым з прамовай да ўдзельнікаў набажэнства звярнуўся Папа.
Святы Айцец нагадаў, што Езус шмат вандраваў, аздараўляючы хворых, дапамагаючы бедным, чынячы справядлівасць, навучаючы. Але ў нашых сэрцах найбольш адбіўся Яго шлях на Кальварыю, Крыжовы шлях, пройдзены Езусам з любові да людзей. Крыж, які заўсёды суправаджае Сусветныя дні моладзі з’яўляецца іконай гэтага шляху.
Пантыфік падкрэсліў, што крыж – гэта найбольшы знак найбольшай любові, якой Езус хоча ахапіць наша жыццё. Ён заклікаў моладзь бачыць у крыжы прыгажосць гэтай любові, а таксама расчыніць свае сэрцы на Бога. “Езус ідзе і чакае з любоўю, чакае з пяшчотай, каб суцешыць нас, каб выцерці нашы слёзы”, - дадаў Святы Айцец.
Папа запэўніў, што Хрыстус праз сваю блізкасць хоча запоўніць самотнасць і страхі маладых людзей і не баіцца рызыкаваць, любячы ўсіх нас. Ён заахвоціў юнакоў і дзяўчат падумаць пра ўласныя пакуты, трывогі і нястачы, давяраючы іх Хрысту. “Езус, які ідзе да крыжа, памірае на крыжы, каб наша душа магла ўсміхацца”, - дадаў Святы Айцец.
Падчас стацый Крыжовага шляху прагучалі медытацыі, з дапамогай якіх моладзь паразважала пра пакуты Хрыста, спрабуючы навучыцца ад Яго пакоры, даверу, цярплівасці, любові да людзей і гатоўнасці ахвяраць сабой дзеля збаўлення іншых.