Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Папа: не ўжываць імя Бога для апраўдання нянавісці і забойстваў

У Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў, які адзначаецца 22 жніўня, Папа заклікаў не ўжываць імя Бога для распальвання нянавісці і апраўдання забойстваў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Зноў заклікаю спыніць выкарыстанне рэлігіі для распальвання нянавісці, насілля, экстрэмізму і сляпога фанатызму, а таксама спыніць ужыванне імя Бога для апраўдання забойстваў, выгнанняў, тэрарызму і прыгнёту”, - напісаў Пантыфік у сацыяльнай сетцы X (былы Twitter), суправадзіўшы сваё кароткае пасланне хэштэгам #AgainstReligiousViolence.

Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў быў устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у маі 2019 года.

Францішак прывітаў гэта рашэнне міжнароднай супольнасці, адзначыўшы: “І сёння шматлікіх хрысціян забіваюць і пераследуюць па прычыне іх любові да Хрыста. Яны аддаюць жыццё моўчкі, таму што пра іх мучаніцтва не кажуць. Сёння больш хрысціянскіх мучанікаў, чым у першыя стагоддзі”.
 

22 жніўня 2023, 13:57