Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: стварэнне рабочых месцаў – уклад у агульнае дабро

“Калі я думаю пра кіраўнікоў прадпрыемстваў, першае, што мне прыходзіць на думку – гэта агульнае дабро”, - падкрэсліў Францішак у пасланні да французскіх бізнесменаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

28 жніўня 2023 года Папа скіраваў зварот да ўдзельнікаў штогадовай сустрэчы Руху прадпрыемстваў Францыі (MEDEF) – найбуйнейшай у гэтай краіне федэрацыі работадаўцаў. Арганізацыя аб’ядноўвае больш за 750 тысяч фірм, 90 працэнтаў з якіх з’яўляюцца малымі і сярэднімі прадпрыемствамі з колькасцю супрацоўнікаў не менш за 50 чалавек.

Ліст Святога Айца да ўдзельнікаў форума, які праходзіць у Парыжы, зачытаў біскуп Нантэра Мацье Ружэ. “Немагчыма ўявіць сабе сёння паляпшэнне агульнага дабра, гэта значыць эканамічнага і сацыяльнага жыцця, справядлівасці, умоў жыцця самых бедных, калі не браць пад увагу прадпрымальнікаў, якія з’яўляюцца дзеючымі асобамі развіцця і дабрабыту. Вы – галоўны рухавік багацця, росквіту, шчасця ўсіх”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што актуальны гістарычны перыяд з’яўляецца нялёгкім для ўсіх і пакутуе таксама свет прадпрымальнікаў, часам пакутуе вельмі моцна: асабліва “па прычыне гэтай абсурднай вайны, у перад гэтым – ад цяжкіх гадоў пандэміі”. “Прадпрымальнікі пакутуюць, калі пакутуе іх прадпрыемства, пакутуюць калі прадпрыемства церпіць крах і яны павінны закрыцца. У медыя мала кажуць пра цяжкасці і боль прадпрымальнікаў, якія закрываюць свае фірмы і банкрутуюць не па ўласнай віне”, - напісаў Папа.

Святы Айцец спасылаўся на старазапаветную Кнігу Ёва, якая вучыць нас, што “няшчасці – гэта не сінонім правіны”, бо здараюцца таксама з праведнымі людзьмі, як і поспех “не з’яўляецца прамым сінонім цнот і дабрыні”. “Няшчасці здараюцца як з добрымі, так і злымі”, - падкрэсліў ён, запэўніваючы ў тым, што “Касцёл разумее пакуты добрага прадпрымальніка”, прымае яго, суправаджае, дзякуе яму.

“Ад самага пачатку Касцёл таксама прымаў у сваё ўлонне гандляроў, папярэднікаў сучасных прадпрымальнікаў. У Бібліі і Евангеллях часта гаворыцца пра грошы, пра гандль, і пасярод найпрыгажэйшых апавяданняў пра гісторыю збаўлення знаходзяцца таксама ўрыўкі, якія кажуць пра эканоміку: пра драхмы, таланты, землеўладальнікаў, распарадчыкаў, каштоўныя жамчужыны. У Евангеллі святога Лукі, бацька марнатраўнага сына прадстаўлены багатым чалавекам, магчыма землеўладальнікам. Таксама і Добры Самаранін, які мог быць гандляроў, спыніўся ля параненага, паклапаціўся пра яго, а потым даверыў яго гаспадару заезда і даў два дынары ў якасці платы”, - нагадаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што сёння адным з найлепшых спосабаў удзелу ў агульным дабры з’яўляецца “стварэнне рабочых месцаў”. У сувязі з гэтым ён заахвоціў адрасатаў свайго паслання звяртаць асаблівую ўвагу на моладзь і давяраць ёй.

“Кожнае створанае новае рабочае месца – гэта супольнае багацце, якое не асядае ў банках, каб прыносіць фінансавы прыбытак, а інвестуецца для таго, каб новыя людзі маглі працаваць і рабіць больш годным сваё жыццё”, - напісаў Пантыфік. Ён адзначыў, што калі праўдзіва сцвярджэнне пра тое, што праўда робіць высакародным чалавека, яшчэ больш праўдзіва тое, што людзі робяць высакароднай працу, бо “гэта мы, а не машыны, з’яўляемся сапраўднай каштоўнасцю працы”.

Святы Айцец нагадаў, што прадпрымальнік таксама з’яўляецца работнікам, “застаецца прадпрымальнікам да таго часу, пакуль працуе”, а калі перастае працаваць, “ператвараецца ў спекулянта”. Добры прадпрымальнік, як евангельскі “добры пастыр”,“ведае сваіх работнікаў, бо ведае іх працу”, - заўважыў Папа, дадаючы, што адзін з самых сур’ёзных крызісаў сучаснасці заключаецца ў згубе кантакту паміж прадпрымальнікам і працай яго прадпрыемства, у выніку чаго яго работнікі становяцца быццам “нябачнымі” для яго.

“Вы сталі прадпрымальнікамі, бо аднойчы вас зачараваў пах майстэрні, радасць ад дотыку сваімі рукамі да ўласных вырабаў, задавальненне ад таго, што ваша служэнне прыносіць карысць: ніколі не забывайце пра тое, як нарадзілася ваша пакліканне. У гэтым вы падобныя да святога Юзафа, да Езуса, які правёў значную частку свайго жыцця, працуючы рамеснікам: “Слова сталася цесляром” Ён ведаў водар дрэва”, - зазначыў Францішак.

Пантыфік нагадаў бізнесменам таксама пра тое, што “найкаштоўнейшым капіталам” іх прадпрыемства з’яўляюцца яны самі, іх сэрца, сумленне, цноты і справядлівасць. “Гэты людскі, этычны і духоўны капітал каштуе больш чым эканамічны і фінансавы”, - зазначыў ён, падкрэсліваючы, што на сучасныя выклікі немагчыма адказаць без добрых прадпрымальнікаў.

“Вы можаце ўспрымаць сваю працу як пакліканне, як маральнае заданне, як экзістэнцыяльнае прызначэнне. Але бізнесу недастаткова, эканомікі для вас занадта мала: ваша крэатыўнасць і інавацыйнасць таксама патрэбны ў грамадзянскай супольнасці, у грамадстве, у клопаце пра стварэнне. Без новых прадпрымальнікаў наша зямля не вытрымае наступстваў капіталізму. Мы жывем у час неадкладнай патрэбы: мы павінны зрабіць больш: дзеці будуць удзячныя вам, а я разам з імі”, - запэўніў Святы Айцец.
 

29 жніўня 2023, 13:58