Папа: скараціць ваенныя выдаткі, павялічыць гуманітарную дапамогу
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Мы абавязаны дапамагчы выкараніць нянавісць і гвалт з сэрцаў людзей. Мы заклікаем скласці зброю, скараціць ваенныя выдаткі і скіраваць сродкі на гуманітарныя патрэбы, ператварыць прылады смерці ў прылады жыцця", - напісаў Святы Айцец у Твітары.
Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі, заснаваны Генеральнай Асамблеяй ААН у 2008 годзе, закліканы аддаць даніну павагі мужнасці і самаадданасці супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый ва ўсім свеце. Тэма сёлетняга Дня: Што б ні здарылася, дзе б ні здарылася, з кім бы ні здарылася.
Паводле статыстыкі ААН, на сённяшні дзень больш за 130 мільёнаў чалавек пакутуюць ад войнаў або стыхійных бедстваў і маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. Ежай, вадой, жыллём, адукацыяй, лекамі іх забяспечваюць добра падрыхтаваныя і матываваныя гуманітарныя работнікі, якія штодзень сутыкаюцца з рызыкай. Пачынаючы з 2003 года, колькасць інцыдэнтаў з іх удзелам павялічылася больш чым у тры разы. Кожны год забіваюць, раняць або выкрадаюць у сярэднім каля 450 супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый.
На думку генеральнага сакратара Caritas Internationalis Алістэра Датана, сёння наш свет сутыкаецца з трыма асноўнымі пагрозамі: няроўнасцю, канфліктамі і зменай клімату. “Гуманітарныя работнікі вымушаныя рэагаваць на ўсё больш складаныя надзвычайныя сітуацыі і ўсё больш зацяжныя крызісы", - адзначыў ён. Людзі не проста атрымліваюць гуманітарную дапамогу, але “знаходзяцца ў цэнтры нашых дзеянняў", - падкрэсліў кіраўнік дабрачыннай арганізацыі. - Разглядаюцца ўсе іх матэрыяльныя, сацыяльныя, псіхалагічныя і духоўныя патрэбы.
"Ва умовах вайны ў такіх краінах, як Украіна ці Сірыя, гуманітарныя работнікі працягваюць працаваць, нават калі забіваюць або выкрадаюць іх блізкіх, разбураюць іх хаты”, - зазначыў Датан. - Пасля землятрусу ў Сірыі і Турцыі многія супрацоўнікі Caritas былі вымушаныя спаць у машынах, але не спынілі раздачу гуманітарнай дапамогі". На жаль, іх самаадданасць сутыкаецца з адсутнасцю ўвагі з боку міжнароднай супольнасці, - адзначыў кіраўнік гуманітарнай арганізацыі.