Папа: дапамагчы падняцца тым, хто трапіў у няволю наркотыкаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак выказаў занепакоенасць ростам спажывання наркотыкаў сярод падлеткаў і моладзі, а таксама пашырэннем продажу псіхаактыўных рэчываў на “лічбачых пляцоўках” у даркнэце. Ён падзяліўся сваёй трывогай у пасланні да ўдзельнікаў 60-га Міжнароднага кангрэса судовых таксіколагаў, які праходзіць з 27 па 31 жніўня 2023 года ў Рыме.
Святы Айцец заўважыў, што падлеткавы і юнацкі ўзрост – гэта вельмі далікатныя фазы жыцця кожнага чалавека, пазначаныя значнымі зменамі на фізічным, эмацыйны і сацыяльным узроўні. Разам з хісткасцю і няпэўнасцю сучаснага грамадства – гэта фактары, якія могуць спрыяць пошуку маладымі людзьмі новых досведаў.
“Патрэба сувымераць сябе з нечым новым, жаданне пазнаваць невядомае, а таксама заглушыць страх перад адчуваннем сябе адчужаным і патрэба ў зносінах з аднагодкамі” могуць весці іх да “небяспечнага выбару і паводзін, такіх як ужыванне псіхаактыўных рэчываў і злоўжыванне алкаголем”, - адзначыў Папа.
Пантыфік звярнуў увагу на небяспеку “новых псіхаактыўных рэчываў”, якія, акрамя таго, што хутка распаўсюджваюцца, з лёгкасцю хімічна мадыфікуюцца, што дазваляе арганізаванай злачыннасці ўцякаць з-пад кантролю і робіць больш складаным выяўленне такіх незаконных субстанцый. “Многія маладыя людзі злоўжываюць новымі псіхаактыўнымі рэчывамі не ўсведамляючы небяспекі, таму неабходна развіць “тэхнікі аналізу”, задзейнічаць прэвентыўныя меры і адпаведныя тэрапеўтычныя планы, - зазначыў Святы Айцец.
Іншая праблема, якую Папа закрануў у сваім пасланні – гэта распаўсюджванне допінгавых рэчываў у спорце, што “выяўляе апантанае жаданне дасягнуць важных мэтаў і высокіх вынікаў любым коштам”. Гэты феномен, на думку Святога Айца, павінен прымусіць нас задумацца адносна стану сучаснага грамадства, “прасякнутага культурай эфектыўнасці і прадуктыўнасці, якая не дапускае ваганняў і няўдач”. Жаданне апраўдаць чаканні, надаць сабе прыгожы і выйгрышны вобраз, схаваць уразлівасць і слабасць, становіцца “непераадольнай перашкодай на шляху да інтэгральнага развіцця чалавека”, - папярэдзіў Францішак.
Пантыфік адзначыў, што выклікае трывогу таксама дэзарыентаванасць маладых людзей, якія ў пошуках кропкі апоры спадзяюцца на наркотыкі, каб пазбавіцца ад тугі і бессэнсоўнасці, і пераадолець цяжкасць “быцця і існавання”.
За залежнасцямі стаяць “канкрэтныя перажыванні, гісторыі самотнасці, няроўнасці, ізаляцыі, адсутнасці інтэграцыі”, перад абліччам якіх мы не можам заставацца раўнадушнымі”, але, наследуючы прыклад блізкасці, дадзены Езусам, пакліканы дзейнічаць, не спыняцца перад сітуацыямі ўразлівасці і пакут, быць здольнымі слухаць вокліч самотнасці і трывогі, схіляцца, каб падняць і вярнуць да жыцця тых, хто трапіў у няволю” наркотыкаў. Неабходна заахвоціць моладзь “шукаць сэнс жыцця” праз адукацыйныя, тэрапеўтычныя і рэабілітацыйныя шляхі, падтрымліваючы альтэрнатыўныя культурныя мадэлі, - падкрэсліў Папа.