Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ляціць у Манголію: дзе яшчэ ніколі не быў ніводзін Пантыфік?

Францішак рыхтуецца да падарожжа ў Манголію. За сучасную гісторыю Пантыфікі наведалі каля 135-ці краін, таму ў свеце застаецца яшчэ каля шасцідзесяці краін, у якіх ніколі не быў ніводзін Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Традыцыя папскіх замежных падарожжаў у сучасную эпоху з’явілася ў 1964 годзе, калі святы Павел VI адправіўся ў Святую Зямлю падчас Другога Ватыканскага Сабора. У рамках трохдзённага візіту ён наведаў каля пятнаццаці месцаў у Іарданіі і Ізраілі. Да гэтага апошнім Папам, які пакідаў тэрыторыю Італіі, быў Пій VII: у 1812 годзе яго прымусова вывез у французскі горад Фантэнбло імператар Напалеон.

За амаль 60 гадоў пасля гістарычнай пілігрымкі Паўла VI на радзіму Езуса Хрыста, Пантыфікі адведалі каля 135-ці краін свету. Абсалютным рэкардсменам па колькасці падарожжаў з’яўляецца святы Ян Павел ІІ – ён зрабіў 104 замежныя паездкі, у рамках якіх пабываў у 128-і краінах. Затым ідзе Францішак: Манголія – яго 61-я краіна. Бэнэдыкт XVI адведаў 24 краіны, а пачынальнік эры папскіх замежных пілігрымак, Павел VI наведаў 16 краін.

Краіна, у якую Наступнікі святога Пятра прыязджалі часцей за ўсё – Польшча (11 папскіх візітаў). На другім месцы ЗША – Пантыфікі прыязджалі на тэрыторыю гэтай краіны, уключаючы яе астравы ў розных кутках планеты 10 разоў. Затым ідзе Францыя (9 візітаў, уключаючы візіт Яна Паўла ІІ на востраў Рэюньён), потым Іспанія і Партугалія (па 8 візітаў), Мексіка (7 візітаў), а таксама Швейцарыя, Германія і Бразілія (па 6 папскіх візітаў).

У Святую Зямлю і Злучаныя Штаты Амерыкі прыязджалі ўсе Папы, пачынаючы з Паўла VI, за выключэннем Яна Паўла І, пантыфікат якога працягваўся ўсяго 33 дні. У Польшчы былі тры апошнія Пантыфікі: Ян Павел ІІ за час свайго пантыфікату наведаў радзіму дзевяць разоў, а яго наступнікі былі ў гэтай краіне па адным разе. Бэнэдыкт XVI таксама адведваў сваю бацькаўшчыну Германію – як і Іспанію – часцей за іншыя краіны: ён быў там па тры разы. Францішак, аднак, яшчэ ніколі не прыязджаў у сваю родную Аргентыну ў якасці Наступніка святога Пятра. Падарожжа на радзіму ён плануе здзейсніць у 2024 годзе.

Краін, якія яшчэ ніколі не адведваў ніводзін Папа, каля шасцідзесяці. Восем з іх знаходзяцца ў Еўропе – Андора, Беларусь, Косава, Малдова, Манака, Расія, Сербія і Чарнагорыя. Нядаўна Францішак заявіў, што вывучаецца магчымасць яго візіту ў Косава. Падарожжа ў Беларусь у бліжэйшых планах Святога Айца пакуль няма, хоць на яе тэрыторыі пражывае найбольшая колькасць католікаў з еўрапейскіх краін, якія яшчэ не наведвалі Пантыфікі.

На азіяцкім кантыненце Папы ніколі не былі ў Амане, Афганістане, Брунеі, Бутане, В’етнаме, Емене, КНДР, Кыргызстане, Кувейце, Лаосе, Камбоджы, Кітаі, Непале, на Мальдзівах, у Манголіі, Саудаўскай Аравіі, Тайвані, Туркменістане, Таджыкістане, Узбекістане.

У Амерыцы Папы ніколі не адведвалі Антыгуа і Барбуду, Барбадас, Гаяну, Грэнаду, Дамініку і Сурынам. У Акіяніі – Вануату, Маршалавы Астравы, Кірыбаці, Науру, Палау, Тонга, Тувалу і Тонга. У Афрыцы – Алжыр, Джыбуці, Лівію, Ліберыю, Каморскія астравы, Маўрытанію, Малаві, Намібію, Нігер, Самалі, Сьера-Леонэ і Эрытрэю.
 

31 жніўня 2023, 11:32