Францішак: сённяшняя культура вырадзіла каштоўнасць ежы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У тэксце, апублікаваным 30 верасня 2023 года, Францішак адзначыў, што марнатраўства неабходна разглядаць разам з феноменам голаду. Абодва маюць адзін і той жа корань – “культуру, якая вырадзіла каштоўнасць ежы, звёўшы яе да простага тавару, што падлягае абмену”. Гэта, як і агульная абыякавасць да бедных і навакольнага асяроддзя, вынікае з эгаізму.
“Мы ўсе павінны быць перакананыя ў тэрміновай неабходнасці радыкальнай змены парадыгмы, таму што больш не можна абмяжоўвацца прачытаннем рэальнасці з пункту гледжання эканомікі і ненасытнага прыбытку”, - напісаў ён, звяртаючы ўвагу на тое, што “з святасці чалавека выцякае і святасць ежы”.
Пантыфік адзначыў, што выкіданне ежы – гэта таксама грэбаванне працай, звязанай з яе вытворчасцю. “Мы не можам працягваць спасылацца на глабальны рост насельніцтва як прычыну няздольнасці Зямлі належным чынам пракарміць усіх, таму што насамрэч сапраўднай прычынай распаўсюджвання голаду ў свеце з'яўляецца адсутнасць канкрэтнай палітычнай волі ў пераразмеркаванні даброт Зямлі, каб кожны мог карыстацца дарамі прыроды, і сумнае знішчэнне ежы дзеля эканамічнай выгады”, - падкрэсліў Папа.
Ён лічыць, што пакласці канец марнатраўству дапаможа аб’яднанне намаганняў і пераход ад дэкларацый да дальнабачных рашэнняў, заснаваных на грунтоўнай дыягностыцы.
“Трэба прызнаць (...), што ежа, якую мы выкідваем, несправядліва забіраецца з рук тых, каму яе не хапае; тых, хто мае права на хлеб штодзённы дзякуючы сваёй непарушнай чалавечай годнасці”, - падкрэсліў Францішак.