Францішак прыбыў у Манголію
Марыя Валодзіна - Vatican News
1 верасня 2023 года ў 9.51 па мясцоваму часу самалёт італьянскай авіякампаніі ITA Airways з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце імя Чынгісхана ва Улан-Батары. Манголія стала 61-й краінай свету, якую Францішак наведаў у рамках свайго 43-га апостальскага падарожжа.
Ля трапу Папу сустракала невялікая група людзей на чале з міністрам замежных спраў Манголіі Батмунхійн Батцэцэг. Маладая жанчына ў нацыянальным строі паднесла госцю традыцыйны пачастунак - сухі салёны сыр ааруул (курут).
Святога Айца сустракалі таксама Апостальскі прэфект у Манголіі кардынал Джорджыа Марэнга і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі Хасэ Луіс Мумбіэла Сьера.
Цырымонія прывітання ў аэрапорце ўключала прадстаўленне дэлегацый і ганаровую варту. Прамовы не былі запланаваны. У аэрапорце Улан-Батара панавала цішыня, пра якую Папа казаў журналістам у пачатку падарожжа.
З аэрапорта Пантыфік накіраваўся ў сядзібу мясцовай Апостальскай прэфектуры, якая ў наступныя дні стане яго рэзідэнцыяй. На першы дзень падарожжа не запланавана ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў. Францішак будзе адпачываць пасля пералёту. Раніцай 2 верасня Святы Айцец сустрэнецца з кіраўніцтвам дзяржавы, прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.