Кардынал Марэнга: словы Папы ўразілі не толькі католікаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
На думку кардынала Джорджыа Марэнга візіт Папы даў "вялікія вынікі" для сучаснасці і будучыні Манголіі, а таксама для мясцовага Касцёла, які налічвае крыху менш за 1500 ахрышчаных.
У інтэрв’ю Vatican News 49-гадовы іерарх назваў візіт Святога Айца “велізарным дарам”, які перасягнуў усе спадзяванні і чаканні. Сведчанне Францішка “настолькі сціплае, простае і блізкае”, што ён адразу ж уступае ў гарманічныя адносіны з людзьмі самага рознага паходжання, - лічыць кардынал Марэнга.
Прамовы Папы пра прыгажосць і арыгінальнасць мангольскага народа, яго традыцыі і гісторыю дазволілі людзям адчуць гонар за тое, хто яны ёсць. Той факт, што сусветна вядомы рэлігійны лідар прыехаў з пасланнем братэрства, супрацоўніцтва і гармоніі, абяззброіў і дасягнуў сэрцы многіх людзей у Манголіі. Гэта спрыяла пашырэнню ведаў пра асобу Папы і Касцёл, якія да гэтага, магчыма, былі “трохі павярхоўнымі”, - заўважыў іерарх.
На яго думку, сведчанне Папы азначае, што ёсць надзея, што не ўсё ў свеце “вызначаецца логікай разліку, улады, злоўжыванняў, інтарэсаў”, што існуе сапраўдны, маральны, духоўны свет, заснаваны на сапраўдных адносінах, якія могуць стварыць умовы для трывалага міру, і што кожны народ нясе адказнасць за дасягненне міру.
Кардынал Марэнга выказаў спадзяванне на тое, што насенне, якое пасеяў Францішак, вырасце, укараніцца і пераўтварыцца ў канкрэтныя праграмы жыцця і супрацоўніцтва. Іерарх адзначыў, што Манголія “выконвае свае абяцанні”, таму ён мае “добрыя надзеі” і ўпэўнены ў станоўчых выніках візіту Святога Айца.