Пантыфік аптэкарам: цярплівасць – лакмусавая паперка любові

У аптэку нярэдка прыходзяць пажылыя людзі, якія акрамя лекаў, патрабуюць таксама ўвагі, усмешкі, гатоўнасці выслухаць іх і слова суцяшэння, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 верасня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Ватыканскай аптэкі, якая сёлета святкуе 150-годдзе з дня свайго заснавання. Пантыфік нагадаў, што яшчэ Грыгорый XVI, камедульскі манах, марыў пра наяўнасць аптэк пры манастырах, а Пій ІХ споўніў гэту мару, даручыўшы генеральнаму настаяцелю Шпітальнага ордэна святога Яна Божага стварыць аптэку ў Ватыкане.

Святы Айцец згадаў пра важную ролю аптэкі ў часы Другога Ватыканскага Сабора: пра тое, як кожную раніцу перад саборавымі пасяджэннямі ў ёй набывалі неабходныя лекі шматлікія біскупы з розных краін свету; як невялікая група аптэкараў-баніфратараў спрабавала адказаць на іх просьбы на розных мовах, а яшчэ два законнікі дзяжурылі побач з лекарам на выпадак патрэбы ў аказанні хуткай дапамогі.

Францішак падкрэсліў, што Ватыканская аптэка павінна адрознівацца ад іншых аптэк не тым, што абслугоўвае Наступніка святога Пятра і Рымскую курыю, але асаблівай увагай да найбольш уразлівых людзей і тых, хто патрабуе лекаў, якія цяжка знайсці ў іншых месцах. Ён падзякаваў супрацоўнікам установы за прафесійнасць, дух адкрытасці, а часам і самаахвярнасць, з якой яны выконваюць сваё заданне.

Папа падкрэсліў, што ў аптэку нярэдка прыходзяць пажылыя людзі, якія акрамя лекаў, патрабуюць таксама ўвагі, усмешкі, гатоўнасці выслухаць іх і слова суцяшэння. Аптэкары павінны быць здольнымі падтрымліваць, напаўняць адвагай і выказваць блізкасць. “Ваша дзейнасць – не прафесія, а місія”, - зазначыў Святы Айцец, дадаючы, што клопат і ўвага да кліентаў у Ватыканскай аптэцы з’яўляюцца сведчаннем Евангелля.

“Майце шмат цярплівасці, памятаючы, што цярплівасць – гэта лакмусавая паперка любові. І, нарэшце, яшчэ адна маленькая парада, духоўная парада: раз-пораз уздымайце вочы да Укрыжаванне, скіроўваючы позірк на збітага і параненага Бога. Служэнне, якое вы робіце хвораму – гэта служэнне Яму. Нястомна чэрпаць у нябеснага Лекара цярплівасць, міласэрнасць і сілу любові – гэта цудоўна”, - сказаў Папа, заклікаючы ватыканскіх аптэкараў кожны дзень станавіцца распарадчыкамі міласэрнасці.
 

18 верасня 2023, 11:52