Пантыфік: раўнадушша – адна з галоўных праблем сучаснасці

Езус атаясамлівае сябе з нашымі самымі беднымі братамі і сёстрамі, - нагадаў Папа 29 верасня 2023 года членамі бразільскага каталіцкага руху Família da Esperança (Сям’я надзеі), які сёлета святкуе сваё 40-годдзе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак сустрэўся з дэлегацыяй дабрачыннай арганізацыі ў Ватыкане, нагадаўшы словы Езуса Хрыста з Евангелля святога Мацвея: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (25,35-36).

Пантыфік падкрэсліў, што Езус атаясамлівае сябе з нашымі братамі і сёстрамі, якія жывуць у найбольшай беднасці, нястачы і пакутах. “Пакліканне, якое Бог даў вам – несці надзею тым, хто згубіў сэнс свайго жыцця – гэта пакліканне безумоўна любіць Хрыста ў людзях, што апынуліся ў сітуацыях сацыяльнай уразлівасці”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што адна з галоўных праблем сучаснага свету – гэта раўнадушша. Ён падзякаваў сваім гасцям за тое, што яны не застаюцца абыякавымі да пакут людзей, асабліва моладзі, жыццё якой было знішчана наркотыкамі і іншымі залежнасцямі.

Папа адзначыў, што вярнуць надзею не значыць толькі дапамагчы перамагчы заганы, траўмы, але таксама нанава знайсці месца ў сям’і і грамадстве. У сувязі з гэтым ён заклікаў да цэласнага падыходу ў клопаце пра людзей, які будзе ахопліваць іх матэрыяльныя і духоўныя патрэбы, цела і душу.
 

29 верасня 2023, 12:10