Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік падтрымаў прыхільнікаў сацыяльнай эканомікі

Сёння існуе вострая патрэба ў новай і асвечанай эканоміцы, якая дапаможа супрацьстаяць змене эпох і страшным праблемам, з якімі мы сутыкаемся, - лічыць Пантыфік.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак скіраваў пасланне арганізатарам і ўдзельнікам Фестывалю сацыяльнай эканомікі, які праходзіць у Фларэнцыі з 28 па 30 верасня 2023 года. Тут сабраліся прадстаўнікі асацыяцый, выкладчыкі, прадпрымальнікі, палітыкі.

На думку Папы, “больш глыбокае бачанне, натхнёнае інтэгральнай экалогіяй”, дазваляе зразумець, што ў аснове фактараў, якія дэстабілізуюць суіснаванне на ўсіх шыротах, ляжыць “выклік збяднення сэнсу жыцця”.

Сацыяльная эканоміка, перакананы Святы Айцец, мае шмат інструментаў для вырашэння эканамічных і экалагічных праблем, для іх правільнай пастаноўкі і пошуку шляхоў рэагавання.

“Паглыбляючы антрапалогію, у рамках якой чалавек здольны да дару і да той вышэйшай формы рацыянальнасці, якой з'яўляецца сацыяльны інтэлект, што складаецца з даверу і супрацоўніцтва, мы зможам дамагчыся багатай разнастайнасці форм прадпрымальніцтва і ўбачыць рост колькасці тых больш амбіцыйных прадпрымальнікаў, якія глядзяць не толькі на прыбытак, але і на сацыяльнае і экалагічнае ўздзеянне”, - напісаў Папа.

Ён папрасіў удзельнікаў фларэнтыйскага Фестывалю “не толькі распрацоўваць тэорыі ў гэтым кірунку, але і зрабіць сваёй місіяй аб'яднанне ўсіх людзей добрай волі”, “глядзець на эканоміку і свет вачыма самых бедных, выкінутых на ўзбочыну грамадства, адрынутых”, “працаваць з імі і для іх”.
 

30 верасня 2023, 10:57