Пантыфік падзякаваў Багародзіцы за візіт у Манголію
Марыя Валодзіна - Vatican News
4 верасня 2023 года, вярнуўшыся з 43-га Апостальскага падарожжа ў Манголію, Папа скіраваўся ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб памаліцца перад абразом Salus Populi Romani. Памаліўшыся Багародзіцы, Папа вярнуўся ў Ватыкан.
Пантыфік заўсёды даручае Панне Марыі ўсе свае апостальскія падарожжы, распачынаючы і завяршаючы іх у прысвечанай ёй рымскай святыні.
Святы Айцец здзейсніў паездку ў Манголію з 31 жніўня па 4 верасня 2023 года. Галоўнай мэтай падарожжа было знаёмства з мангольскім народам і яго культурай, а таксама сустрэча з мясцовай каталіцкай супольнасцю.
Падчас знаходжання ва Улан-Батары Францішак сустрэўся з мангольскай жанчынай, маці адзінаццаці дзяцей, якая знайшла на сметніку драўляную статую Марыі і шмат гадоў захоўвала яе дома, каб потым перадаць у мясцовую каталіцкую парафію.