Пантыфік: валанцёрства загойвае раны сэрца і набліжае да Бога

Прагрэс краіны вымяраецца не інвестыцыямі ва ўзбраенні, а здольнасцю забяспечваць ахову здароўя, адукацыю і цэласнае развіццё людзей, - падкрэсліў Папа падчас інаўгурацыі каталіцкага Дома міласэрнасці ва Улан-Батары.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

4 верасня 2023 года Францішак урачыста адкрыў новую дабрачынную структуру ў мангольскай сталіцы, у якой будуць атрымліваць дапамогу дзеці з бедных сем’яў, бяздомныя, якія не маюць доступу да нацыянальнай сістэмы аховы здароўя, ахвяры хатняга насілля, інваліды, мігранты. Сустрэча з супрацоўнікамі і валанцёрамі ўстановы стала апошнім пунктам падарожжа Святога Айца ў Манголію.

У прамове Папа заўважыў, што назва “Дом міласэрнасці” – гэта “вызначэнне Касцёла, пакліканага быць гасцінным домам, у якім кожны можа адчуць найвялікшую любоў, што кранае і ўзрушвае сэрцы: далікатную і клапатлівую любоў Айца, які хоча, каб мы былі братамі і сёстрамі ў Яго доме”.

Францішак падкрэсліў, што дабрачыннае вымярэнне з’яўляецца адным з элементаў тоеснасці Касцёла: як традыцыйная мангольская юрта трымаецца на чатырох асновах, так і Касцёл збудаваны на чатырох стаўпах, якімі з’яўляюцца “адзінства, літургія, служэнне і сведчанне”.

Папа падзякаваў мангольскім хрысціянам за міласэрнае служэнне, якім яны займаюцца ад часу прыбыцця першых місіянераў у 1990-я гады. Ён заўважыў, што аб гэтай дзейнасці прасілі самі ўлады Манголіі, каб адказаць на сацыяльныя выклікі ў далікатны пераходны перыяд гісторыі краіны, пазначаны распаўсюджанай беднасцю.

Пантыфік заўважыў, што рэалізаваць шматлікія дабрачынныя ініцыятывы дапамагла дзейнасць валанцёраў, якія працавалі не за фінансавую ўзнагароду, але “з чыстай любові да бліжняга”. “Бескарыслівасць, насамрэч робіць лягчэйшай душу, загойвае раны сэрца, набліжае нас да Бога, адкрывае крыніцу радасці і захоўвае сэрца маладым. У гэтай краіне, поўнай моладзі, прысвячэнне сябе валанцёрству можа стаць важным спосабам асабістага і сацыяльнага развіцця”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што “нават у высокатэхналагічных грамадствах з высокім узроўнем жыцця адной сістэмы сацыяльнага забеспячэння недастаткова, каб забяспечыць усе паслугі грамадзянам, калі ў дадатак няма груп добраахвотнікаў, якія прысвячаюць час, навыкі і рэсурсы з любові да іншага”.

“Сапраўдны прагрэс краін, насамрэч, не вымяраецца эканамічным багаццем і нават ні колькасцю інвестыцый у ілюзорную магутнасць узбраенняў, але здольнасцю забяспечваць ахову здароўя, адукацыю і цэласнае развіццё людзей”, - сцвердзіў Пантыфік.

Папа аспрэчыў міф пра тое, што валанцёрствам могуць займацца толькі добра забяспечаныя людзі. “Не трэба быць багатымі, каб рабіць дабро. Больш за тое, амаль заўсёды звычайныя людзі прысвячаюць час, веды і сэрца клопату пра іншых”, - сказаў ён, дадаючы таксама, што дабрачынная дзейнасць для Касцёла не з’яўляецца адной з форм празелітызму.

“Хрысціяне заўважаюць людзей у патрэбе і робяць усё магчымае, каб аблегчыць іх пакуты, таму што бачаць у іх Езуса, Божага Сына, а ў Ім – годнасць кожнага чалавека, пакліканага быць сынам і дачкой Бога”, - падкрэсліў Святы Айцец, выказваючы пажаданне, каб Дом міласэрнасці ва Улан-Батары стаў месцам, дзе людзі розных веравызнанняў, а таксама няверуючыя, аб’ядноўваюць намаганні з высілкамі католікаў, у спагадлівай дапамозе братам і сёстрам па чалавецтве.

Папа заўважыў, што для дапамогі людзям у патрэбе недастаткова наняць персанал і інвеставаць у вялікія дабрачынныя структуры. “Для таго, каб дзейсна рабіць дабро, неабходна мець добрае сэрца, поўнае рашучасці шукаць таго, што будзе найлепшым для іншага”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што “толькі любоў перамагае эгаізм, толькі дзякуючы ёй рухаецца свет”.

На заканчэнне прамовы Папа згадаў гісторыю з жыцця святой Тэрэзы Калькуцкай: калі яна схілілася над ранай хворага, адзін журналіст сказаў ёй, што гэта вельмі пахвальная справа, але ён не стаў бы яе рабіць нават за мільён долараў. На гэта Маці Тэрэза адказала: “За мільён долараў я таксама не рабіла б яе. Я раблю гэта з любові да Бога”.
 

04 верасня 2023, 07:59