Святы Айцец заклікаў маліцца за Лівію, Марока і Украіну
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Мае думкі з народам Лівіі, які сур’ёзна пацярпеў ад дажджоў, якія выклікалі паводкі і затапленні, прывёўшы да мноства смерцяў і раненняў, а таксама вялікіх разбурэнняў. Я заахвочваю далучыцца да мяне ў малітве за тых, хто загінуў, за іх сем’і, за перамешчаных людзей. Няхай не будзе недахопу ў нашай салідарнасці з братамі і сёстрамі, якія так моцна пацярпелі ад гэтага стыхійнага бедства”, - сказаў Папа.
Францішак адзначыў, што думае таксама “пра высакародны мараканскі народ, які пацярпеў ад землятрусу”. “Памолімся за Марока, за яго жыхароў. Няхай Пан дасць ім сілы для адбудовы і пераадолення наступстваў перажытай страшнай катастрофы”, - дадаў ён.
“Заўтра ў Касцёле будзе адзначацца свята Узвышэння Святога Крыжа. Будзем заставацца вернымі Хрыстоваму Крыжу, знаку любові і збаўлення, і, калі ласка, браты і сёстры, працягвайце маліцца за мір у свеце, асабліва ў змучанай Украіне, пакуты якой заўсёды ў нашых думках і сэрцах”, - заахвоціў Святы Айцец.