Пантыфік да біблістаў: рухацца наперад па шляху да адзінства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Святы Айцец высока ацаніў працу экуменічнай групы даследчыкаў, якая дазваляе глыбей зразумець біблейскі і духоўны сэнс пасланняў Апостала народаў. Калоквіум, які праходзіць у рымскай базіліцы святога Паўла за мурамі, спрыяе сустрэчы розных хрысціянскіх канфесій, “аб'яднаных мудрасцю вучэння святога Паўла”, дазваляе ім весці дыялог і шукаць агульныя падыходы, адштурхоўваючыся ад Святога Пісання, - адзначыў Пантыфік.
На думку Папы, у ініцыятыве ёсць нешта мужнае і прарочае. Мужнасць у тым, каб пераадольваць бар'еры, якія перашкаджаюць нам сустрэцца з іншымі людзьмі. Экуменічнае прароцтва – гэта тое здаровае "нецярпенне Духу", якое дазваляе хрысціянам рухацца наперад па шляху да поўнага адзінства. “Калі на працягу гісторыі рознагалоссі былі крыніцай пакут, то сёння мы павінны ўзяць на сябе абавязацельства змяніць курс, рухаючыся наперад па шляху адзінства і братэрства, якія пачынаюцца менавіта з малітвы, вучобы і супрацоўніцтва”, - зазначыў Святы Айцец.
У Пасланні да Рымлянаў гаворыцца аб тым, што дары і пакліканне Божае “нязменныя” (Рым 11, 29). Апостал Павел перадае нам такім чынам пасланне фундаментальнай важнасці, якое па-ранейшаму ўяўляе сабой аснову не толькі для глыбокага вывучэння Бібліі, але і для працягу экуменічнага дыялогу: Бог не парушае сваіх абяцанняў аб збаўленні і цярпліва выконвае іх, магчыма, нечаканымі і дзіўнымі спосабамі. Вернікі могуць быць упэўненыя ў ласцы і абяцаннях Божых, - нагадаў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Пантыфік заклікаў біблістаў працягваць акадэмічны, біблейскі, духоўны і братэрскі дыялог, каб прапанаваць хрысціянскім супольнасцям "новыя словы", здольныя данесці міласэрную ласку Айца, навізну збаўлення Хрыста і абнаўляльную надзею Святога Духу.