Пантыфік: мангольскі народ вучыць скіроўваць позірк увышыню

Пра сваё нядаўняе Апостальскае падарожжа ў Манголію Пантыфік распавёў падчас сустрэчы з вернікамі на агульнай аўдыенцыі, якая 6 верасня 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак выказаў падзяку ўсім, хто суправаджаў яго візіт малітвай, а таксама ўладам Манголіі, якія яго запрасілі і ўрачыста прымалі. “З радасцю згадваю пра мясцовы Касцёл і мангольскі народ: высакародны і мудры народ, які аказаў мне вялікую сардэчнасць і любоў”, - сказаў ён.

“Нехта можа спытаць: навошта Папу ехаць так далёка, каб адведаць малы статак вернікаў? – Таму што менавіта там, удалечыні ад пражэктараў, мы часта знаходзім знакі прысутнасці Бога, які не глядзіць на знешнасць, але ў сэрца”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаючы, што Пан шукае простага сэрца таго, хто прагне і любіць Яго, не жадаючы ўзвышацца над іншымі.

Святы Айцец прызнаўся, што сустрэў у Манголіі сціплы і радасны Касцёл, які мае “кранальную гісторыю”. Ён узнік дзякуючы Божай ласцы і апостальскаму запалу місіянераў, што прыбылі ў гэту краіну каля трыццаці гадоў таму, вывучылі мясцовую мову, і нягледзячы на тое, што паходзілі з розных краін, далі жыццё з’яднанай і па-сапраўднаму каталіцкай супольнасці.

Па словах Пантыфіка, у гэтым заключаецца сэнс слова “каталіцкі”, што значыць “паўсюдны”. Ён падкрэсліў, што паўсюднасць не азначае ўніфікацыю, але інкультурацыю. “Каталіцкасць – гэта ўцелаўлёная паўсюднасць, якія знаходзіць дабро, там дзе жыве, і служыць людзям, з якімі жыве”, - зазначыў Францішак.

Папа распавёў, што напрыканцы свайго візіту благаславіў Дом міласэрнасці – першую дабрачынную структуру мясцовага Касцёла ў Манголіі. Гэты дом з’яўляецца свайго роду “візітнай карткай” хрысціян, а таксама “заклікам да кожнай каталіцкай супольнасці быць домам міласэрнасці – адкрытым месцам, гасцінным, дзе мізэрнасць кожнага чалавека можа без сораму ўвайсці ў кантакт з Божай міласэрнасцю, якая ўздымае і аздараўляе”.

“Вось сведчанне Касцёла ў Манголіі, з місіянерамі з розных краін, якія адчуваюць сябе як адно з народам, радасныя служыць яму і адкрываць прыгажосць, якая там ёсць. Гэтыя місіянеры прыбылі не для таго, каб займацца празелітызмам – гэта не па-евангельску, – яны прыбылі, каб жыць як мангольскі народ, размаўляць на іх мове, на мове людзей, засвойваць каштоўнасці гэтага народа і абвяшчаць Евангелле ў мангольскім стылі, мангольскімі словамі. Яны прыбылі і “інкультураваліся”: засвоілі мангольскую культуру, каб абвяшчаць Евангелле ў гэтай культуры”, - сказаў Папа.

Францішак выказаў падзяку ўдзельнікамі міжрэлігійнай і экуменічнай сустрэчы ва Улан-Батары, заўважаючы, што Манголія мае вялікую будыйскую традыцыю і мноства людзей, якія ў цішыні жывуць сваёй рэлігійнасцю шчырым і радыкальным чынам, праз альтруізм і барацьбу з уласнымі жарсцямі. “Давайце падумаем пра тое, колькім зерням дабра яны непрыкметна дапамагаюць прарасці ў садзе свету, у той час, калі мы звычайна чуем размовы толькі пра шум дрэў, якія падаюць!”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы патрэбу ў здольнасці людзей заўважаць дабро.

“А для гэта важна, як робіць мангольскі народ, скіроўваць позірк увышыню, да святла дабра. Толькі такім чынам, пачынаючы з распазнання дабра, будуецца супольная будучыня; толькі цэнячы іншага мы дапамагаем яму стаць лепшым”, - дадаў Святы Айцец.

Папа прызнаўся, што яму быў карысны візіт у сэрца Азіі, магчымасць увайсці ў дыялог з гэтым вялікім кантынентам, зразумець яго пасланні, пазнаць яго мудрасць. “Мне было карысна пазнаёміцца з мангольскім народам, які шануе свае карані і традыцыі, паважае старэйшых і жыве ў гармоніі з навакольным асяроддзем: гэта народ, які глядзіць у неба і адчувае дыханне стварэння. Думаючы пра бясконцыя і ціхія прасторы Манголіі, давайце будзем кіравацца неабходнасцю пашырыць гарызонты нашага позірку, пашырыць межы, глядзець шырока і высока”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы людзей станавіцца блізкімі да кожнага чалавека і да кожнай цывілізацыі.
 

06 верасня 2023, 10:42

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >