Папа: пасланне любові неабходна ў час абвастрэння нянавісці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
16 верасня 2023 года Папа прыняў у Ватыкане афіцэраў і служачых корпуса Карабінераў Італіі. Аўдыенцыя адбылася ў памяць пра Слугу Божага Сальва Д’Аквіста, нацыянальнага героя Італьянскай Рэспублікі, які 23 верасня 1943 года ахвяраваў сваё жыццё за групу нявінных закладнікаў і быў расстраляны нацыстамі. Францішак пажадаў, каб успамін пра гэтага мужнага карабінера заахвочваў вучыцца ахвярнасці і велікадушнасці, гатоўнасці служыць дабру, праўдзе і грамадству.
Папа нагадаў, што Сальва Д’Аквіста жыў у жудасныя гады Другой сусветнай вайны, калі ў Еўропе адбываўся пераслед на расавай глебе і пераважала логіка нянавісці. Карабінер служыў у невялікім мястэчку Торымп’етра, а калі эсэсаўцы рыхтаваліся расстраляць 22 мясцовых жыхара ў якасці пакарання за выбух на складзе боепрыпасаў, які адбыўся па нявызначаных прычынах, Д’Аквіста ўзяў усю віну за здарэнне на сябе і пераканаў немцаў, што расстраляць яны павінны толькі яго.
Францішак падкрэсліў, што ва ўчынку італьянскага карабінера можна ўбачыць наследаванне Езуса Хрыста, які аддаў сваё жыццё, каб вызваліць нас ад смерці і ўзяў на сябе нашы правіны і пакуты. Ён падкрэсліў таксама актуальнасць гісторыі і ахвяры Сальва Д’Аквіста.
“Жывучы ў час, забруджаны індывідуалізмам і нецярпімасцю да іншых, а таксама абвастрэннем многіх формаў насілля і нянавісці, якія мы бачым у нашых гарадах, яго сведчанне дае нам пасланне, поўнае сілы любові”, - сказаў Папа, нагадваючы праваахоўнікам, што менавіта ў любові маюць сваю галоўную мэту правасуддзе і законнасць. Іх мэтай не павінна быць проста пакаранне таго, хто памыліўся, але перамена людзей на знак павагі і агульнага дабра, - перакананы Пантыфік.
Святы Айцец заклікаў карабінераў дзейнічаць на карысць больш справядлівага і чалавечнага грамадства, змагацца супраць злачыннасці, укаранёнага пачуцця беспакаранасці і мафіёзнай ментальнасці.
“Ніколі не апускайце рукі, не паддавайцеся спакусе думаць, што зло мацнейшае, што пагаршэнню ніколі не будзе канца, што ваша служэнне бескарыснае. Гледзячы на Сальва Д’Аквіста, дазвольце прагненню дабра натхняць вас. Прашу вас, працягвайце сведчыць блізкасць да людзей, якія заўсёды распазнаюць гэту вашу рысу”, - заахвоціў італьянскіх праваахоўнікаў Францішак.