Пошук

Падчас аўдыенцыі для епіскапату Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Падчас аўдыенцыі для епіскапату Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы  (Vatican Media)

Святы Айцец падзякаваў грэка-каталіцкім біскупам Украіны

Пасля Сінода Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, які праходзіў у Рыме 3-13 верасня 2023 года, Папа звярнуўся з лістом да яе кіраўніка, Вярхоўнага Архіепіскапа Кіева-Галіцкага Святаслава Шаўчука.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец падзякаваў біскупам “за ўзаемнае слуханне і братэрскі і шчыры дыялог, які адбыўся ў сапраўды сінадальным духу падчас сумеснай сустрэчы” 6 верасня 2023 года ў Ватыкане.

“Молячыся за мір для дарагой Украіны, удзяляю благаслаўленне епіскапату Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы і ўсім вернікам, даручаным вашай пастырскай апецы, і прашу не забывацца маліцца за мяне”, - напісаў Францішак.

Падчас аўдыенцыі для украінскага грэка-каталіцкага епіскапату, два тыдні таму, Папа звярнуў увагу на пачуццё бездапаможнасці перад абліччам вайны. Ён згадаў украінскіх дзяцей, якіх сустракае падчас аўдыенцый: “яны глядзяць на цябе і не ўсміхаюцца” – “гэта адзін з вынікаў вайны: скрадзеныя дзіцячыя ўсмешкі”.

Пантыфік падкрэсліў, што ў адказ на жорсткасць вайны з’явілася патрэба ў большай малітве аб навяртанні людзей і спыненні канфлікту. Ён выказаў жаданне, каб у кастрычніку, асабліва ў санктуарыях, ружанцовая малітва была прысвечана міру, у тым ліку і ва Украіне.

Напрыканцы ён нагадаў пра прыклад Езуса падчас Мукі. Збаўца не стаў ахвярай зняваг, катаванняў і ўкрыжавання, але даў сведчанне мужнасці казаць праўду і быць побач з людзьмі, каб яны не падалі духам. “Гэта нялёгка, гэта святасць, але людзі хочуць, каб мы былі святымі і настаўнікамі шляху, якому нас вучыў Езус”, - звярнуў увагу падчас сустрэчы з украінскімі іерархамі Францішак.
 

20 верасня 2023, 10:56