Святы Айцец: патрэбныя хрысціяне, якія б выпраменьвалі Евангелле
Марыя Валодзіна – Vatican News
На думку Папы, харызму бэнэдыктынскіх аблатаў можна добра абагульніць выдатным выразам заснавальніка ордэна, які заклікаў сваіх паслядоўнікаў мець “сэрца, пашыранае невымоўным вяршэнствам любові”. Гэтыя словы добра характарызуюць дух бэнэдыктынскага ордэна, які надаў новы імпульс духоўнасці ў Еўропе, а пасля распаўсюдзіўся на ўсе кантыненты, - лічыць Пантыфік.
Францішак прапанаваў гасцям разам паразважаць над трыма аспектамі гэтага “пашыранага ад любові сэрца”: пошукам Бога, евангелізацыйным запалам і гасціннасцю.
Жыццё бэнэдыктынаў адзначана, перш за ўсё, пастаянным пошукам Бога. Яны шукаюць яго галоўным чынам у Яго Слове, а таксама ў разважаннях пра стварэнне, у штодзённых падзеях, у працы і, нарэшце, у адносінах з людзьмі, з братамі і сёстрамі, з якімі іх зводзіць Провід.
Другая важная характарыстыка - гэта евангелізацыйны запал, місіянерскі энтузіязм. Па прыкладу працавітых манахаў-бэнэдыктынаў, аблаты таксама закліканы пераўтвараць асяроддзе, дзе б яны ні жылі, дзейнічаючы як закваска, умела і адказна, і ў той жа час з мяккасцю і спачуваннем.
Францішак нагадаў пра ролю бэнэдыктынаў, з іх дэвізам Ora et Labora, у евангелізацыі і мірнай інтэграцыі шматлікіх народаў у перыяд зараджэння сярэднявечнага грамадства пасля падзення Рымскай імперыі. У наш час, калі глабалізаванае і адначасова фрагментаванае спажывецкае грамадства хутка страчвае свае сямейныя і сацыяльныя карані, патрэбныя не хрысціяне, якія паказваюць пальцам, але гарачыя сведкі, якія выпраменьваюць Евангелле ў жыцці праз жыццё, - лічыць Святы Айцец.
Трэцяя асаблівасць бэнэдыктынскай традыцыі - гасціннасць. Святы Бэнэдыкт вучыў сваіх паслядоўнікаў быць асабліва ветлівымі з беднымі і пілігрымамі, вітаць кожнага госця, які прыходзіць у кляштар, як Хрыста. Для бэнэдыктынскіх аблатаў кляштар – гэта свет, горад, працоўнае месца, і менавіта там яны закліканы быць узорамі ветлівасці ў адносінах да тых, хто грукаецца ў дзверы, узорамі асаблівай любові да бедных. У нашы дні, калі грамадства, здаецца, задыхаецца “ў зачыненых падвалах эгаізму, індывідуалізму і абыякавасці”, мы маем вялікую патрэбу ў гасціннасці, - адзначыў Францішак.
Напрыканцы прамовы Папа сардэчна падзякаваў бэнэдыктынскім аблатам за іх ахвярную працу і папрасіў не забываць маліцца аб ім.