Пошук

Папа ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ Папа ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ 

Святы Айцец падзякаваў Багародзіцы за падарожжа ў Марсэль

Па вяртанні з Марсэля Францішак здзейсніў традыцыйны візіт у рымскую базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, каб падзякаваць Найсвяцейшай Панне Марыі за 44-е апостальскае падарожжа ў французскі Марсэль.

Марыя Валодзіна - Vatican News

23 верасня 2023 года, прызямліўшыся ў рымскім аэрапорце Ф’юмічына, Папа накіраваўся ў Вечны горад, каб памаліцца Багародзіцы ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

Як паведаміла Зала друку Святога Пасада, перад тым як вярнуцца ў Ватыкан, Пантыфік памаліўся перад старажытным абразом Salus Populi Romani, падзякаваўшы Марыі за мацярынскую апеку яго падарожжа.

Францішак заўсёды даручае свае апостальскія візіты Панне Марыі, распачынаючы і завяршаючы іх у прысвечанай ёй рымскай святыні.

Святы Айцец здзейсніў паездку ў Марсэль 22-23 верасня 2023 года. Большая частка яго візіту была прысвечана праблеме міграцыі і неабходнасці паважаць годнасць усіх людзей, у тым ліку мігрантаў і бежанцаў. Выступаючы на Міжземнаморскіх сустрэчах раніцай 23 верасня, Папа падкрэсліў, што мігранты – гэта не захопнікі, а людзі, якія шукаюць гасціннасці, шукаюць жыцця, а міграцыя патрабуе мудрага, дальнабачнага кіравання і еўрапейскай адказнасці.

24 верасня 2023, 09:53