Святы Айцец падзякаваў Багародзіцы за падарожжа ў Марсэль
Марыя Валодзіна - Vatican News
23 верасня 2023 года, прызямліўшыся ў рымскім аэрапорце Ф’юмічына, Папа накіраваўся ў Вечны горад, каб памаліцца Багародзіцы ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.
Як паведаміла Зала друку Святога Пасада, перад тым як вярнуцца ў Ватыкан, Пантыфік памаліўся перад старажытным абразом Salus Populi Romani, падзякаваўшы Марыі за мацярынскую апеку яго падарожжа.
Францішак заўсёды даручае свае апостальскія візіты Панне Марыі, распачынаючы і завяршаючы іх у прысвечанай ёй рымскай святыні.
Святы Айцец здзейсніў паездку ў Марсэль 22-23 верасня 2023 года. Большая частка яго візіту была прысвечана праблеме міграцыі і неабходнасці паважаць годнасць усіх людзей, у тым ліку мігрантаў і бежанцаў. Выступаючы на Міжземнаморскіх сустрэчах раніцай 23 верасня, Папа падкрэсліў, што мігранты – гэта не захопнікі, а людзі, якія шукаюць гасціннасці, шукаюць жыцця, а міграцыя патрабуе мудрага, дальнабачнага кіравання і еўрапейскай адказнасці.