Святы Айцец: шлях да стварэння новага чалавецтва – братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
Каля 1200 членаў арганізацыі, якая займаецца прасоўваннем сямейных каштоўнасцей, сабраліся ў ватыканскай Зале Паўла VI, каб сустрэцца з Францішкам.
У сваёй прамове Папа падзякаваў гасцям за імкненне выявіць узаемасувязі паміж сакрамэнтамі сужэнства і пасвячэння. На думку Францішка, сужэнства і пасвячэнне “цесна звязаныя, таму што абодва выяўляюць любоў Бога, ствараючы містычнае цела Касцёла”. Гэтыя два сакрамэнты – розныя, але дапаўняюць адзін аднаго і заклікаюць спрыяць "абмену паміж сужонкамі і святарамі”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што “вера - гэта перш за ўсё досвед адносін і сустрэч”.
На думку Францішка, Бог марыць аб тым, каб "аб'яднаць нас у Яго любові, у Яго камуніі”, каб мы адкрылі для сябе прыгажосць братэрства, таму што шлях да стварэння новага чалавецтва заснаваны на братэрстве і міласэрнасці, а не на злоўжываннях і эгаізме. У гэтым сэнсе суправаджэнне сужонкаў і святароў уяўляе сабой каштоўную дапамогу грамадству і Касцёлу па ажыццяўленню гэтай Божай мары ў наш час, калі многія выбіраюць “балоцістыя шляхі індывідуалізму”.
Папа нагадаў, што Касцёл пакліканы “ісці па шляху ўсё большай узаемнасці паміж дарамі, харызмай і служэннем”. Абмен паміж сужонкамі і святарамі спрыяе евангелізацыі, у якой сёння мы маем тэрміновую патрэбу. Менавіта сведчачы пра прыгажосць адносін, “мы можам абвяшчаць багацце Евангелля і праяўляць любоў, якую Бог адчувае да кожнага”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Напрыканцы прамовы Папа заклікаў гасцей “ісці наперад з радасцю”, благаславіў іх і папрасіў не забываць маліцца аб ім.